Замерфельд Яўген Мацвеевіч (25.11.1912, в. Жылічы, цяпер Кіраўскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.4.1980, Барысаў, Мінская вобл.). Паэт, крытык.
Закончыў Зембінскую сямігодку (1930) і паступіў у Барысаўскі педагагічны тэхнікум. У 1933—1934 гг. настаўнічаў у Нова-Барысаўскай СШ № 10, адначасова загадваў школьным аддзелам рэдакцыі раённай газеты “Большэвік Барысаўшчыны”. У 1934—1939 гг. вучыўся на літаратурна-лінгвістычным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У 1938 г. быў арыштаваны, правёў некалькі месяцаў у турме. У 1938—1941 гг. працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Барысаўскай СШ № 2. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны праз стан здароўя не быў мабілізаваны. Заставаўся на акупаванай тэрыторыі, у лютым 1942 г. па заданні падполля ўладкаваўся на працу ў Барысаўскі аддзел ЗАГС на пасаду рэгістратара. Пасля вызвалення тэрыторыі савецкімі войскамі працаваў у Барысаўскай раённай газеце “Большэвіцкая трыбуна”, у 1944—1958 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Барысаўскім педвучылішчы, з 1958 г. настаўнік Барысаўскай школы-інтэрната. Быў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання “Бярэзіна” пры барысаўскай газеце “Камуністычная праца” (цяпер “Адзінства”).
Пахаваны ў Барысаве, Мінскай вобласці.
Дэбютаваў у друку у 1929 г. вершамі ў літаратурным дадатку “Вясна” да газеты “Камуніст”. Друкаваўся ў “Полымі”, “Узвышшы”, “Беларусі”, альманаху “Ударнікі”. Аўтар дапаможнікаў для настаўнікаў беларускай літаратуры “Зборнік тэкстаў для ізлажэнняў: Дапаможнік для настаўнікаў 5-7 класаў сямігадовай і сярэдняй школы” (з В. А. Самцэвічам; Мінск, 1948); “Зборнік практыкаванняў па сінтаксісу і пунктуацыі. Для 6-7 класаў сямігадовай і сярэдняй школы” (з В. А. Самцэвічам; Мінск, 1950); “Урокі беларускай мовы ў V класе” (з В. А. Самцэвічам; Мінск, 1961), рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць Я. Коласа, А. Куляшова, Я. Маўра, Э. Самуйлёнка.