Filamaty — супольны праект музыкаў з гурта Relikt i паэта ды музыкі Уладзя Лянкевіча. Канцэптуальная праграма прагучыць 18 лютага на заключным мерапрыемстве ў межах міжнароднага паэтычнага фестываля памяці Міхася Стральцова “Вершы на асфальце”, які пройдзе ў Вільні. Далучайцеся да падзеі, каб не прапусціць.
У тэкставым плане праект Filamaty — гэта спроба зразумець філаматаў першай паловы 19 ст. і іхных сучаснікаў, асэнсаваць гісторыю 200-гадовай даўніны, узброіўшыся сучаснай оптыкай і актуальным беларускім досведам. Паралелі напрошваюцца самі сабой: вось вы маладыя, поўныя натхнення і надзеі на лепшае, вы жывяце актыўным жыццём, дбаеце пра будучыню роднага краю. Але раптам сістэма (імперыя?) запісвае вас у ворагі выключна на падставе “аблудных” каштоўнасцяў, вызнае вас як нядобранадзейнага. Вынік — пераследы, вязніцы, ссылкі, выгнанні.
Цяперашнім беларусам лёгка суперажываць папярэднікам. Старая гісторыя, апранутая ў сучасныя словы і вобразы, становіцца зразумелай і блізкай. Дыстанцыя скарачаецца і здаецца, скрозь стагоддзі магчымы сапраўдны дыялог. А можа, гэта размова з уласным адлюстраваннем.
У музычным плане Filamaty не ставяць перад сабой выразных стылістычных рамак, але ўсё круціцца вакол гітарнага року: тут знойдзецца месца і гранжу, і сёрфу, і прагрэсіву…
З поўнай праграмай фестывалю можна азнаёміцца тут.