Традыцыйна аглядаем літаратурныя спасылкі і публікацыі, якія апошнім часам з’явіліся на прасторах неабдымнага інтэрнэту.
“У лесе й ростань дзвюх дарог, дзе я / Пайшоў па той, што ходжана была / Найменш, — і гэта вырашыла ўсё”, — на Taubinpoetry класічная лірыка ад класіка амерыканскай паэзіі ХХ стагоддзя Роберта Фроста ў перакладах з англійскай мовы Ігара Кулікова.
“Пад’язджаючы пад Маскву, я вырашыў: так і трэба рабіць. Бушавала хваля змагання з «ворагамі», саджалі другім паваротам: Юлі і Змітрок ужо зніклі. Нічыпар Чарнушэвіч, чакаючы электрычкі на вакзале, шапянуў, што сушыць сухары. Чым жа я лепшы? Забяруць, а што з ёю? Ехаць услед за мной, як у 1933? Не, забяруць самую і таксама кінуць у лагер — былі ўжо весткі, што чыняць расправы з сем’ямі. А так не зачэпяць, яна будзе паасобку”, — старонкі з дзённіка Максіма Лужаніна друкуе ў “Звяздзе” Мікола Трус.
“Цяжкасці, што паўстаюць, напэўна, стандартныя: калі думаецца, то паспяваць фармуляваць; калі пішацца, то паспяваць занатоўваць; калі перачытваецца і правіцца, то не быць занадта лаяльным з аднаго боку і не быць задужа самазнішчальным – з другога”: на сайце “Дзеяслова” анкета Усевалада Сцебуракі — самарэфлексіі пра беларускую літаратуру, паэзію і сваё месца ў ёй.
“Дзякуючы тым здымкам я ведаю, / што адбывалася да майго нараджэньня: / празь вёску цякла рака, ліпа была / кусьцікам, а над ёй вісела воблака з вапны”: часопіс Taubin публікуе вершы польскага паэта Лукаша Яраша ў перакладах Андрэя Хадановіча.
«Адарка» — так называецца апавяданне пісьменніка з Беразіно Алеся Бычкоўскага. Друкуе твор газета “Звязда” у межах конкурсу апавяданняў. Прадмова Алены Брава.
«я замаўкаю калі ты хочаш»: вершы Маргарыты М. пра сузалежныя стасункі, разбітае сэрца і жаночае маўчанне на партале Uzhmedia. Дэбютная публікацыя аўтаркі.
“І так спяшаецца ўвесь белы свет, / і так імчацца цягнікі спацелыя, / што не паспееш свой аўтапартрэт / дамаляваць на шкле абледзянелым”, — у “Тэкстах тыдня” часопіса “Дзеяслоў” новая падборка вершаў Алеся Дуброўскага-Сарочанкава.
Добрага ўсім тыдня, чытайце і пішыце літаратуру!
photo: amazon.com