Беларускаму празаіку, журналісту і грамадскаму дзеячу Вінцэсю Мудрову 11 верасня спаўняецца семдзесят гадоў. Наша рэдакцыя шчыра віншуе шаноўнага спадара Вінцэся і зычыць здароўя ды творчых поспехаў!
Актыўна займацца літаратурай і грамадскай дзейнасцю Вінцэсь Мудроў пачаў у перыяд вучобы ў Наваполацкім палітэхнічным інстытуце, стаўшы ініцыятарам выдання рукапіснага літаратурна-мастацкага часопісу “Блакітны ліхтар”. Разам з групай аднадумцаў (Валеры Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў, Андрэй Грабаў і інш.) выпусціў у 1971-1974 гг. 15 нумароў часопіса. Але пасля таго, як часопіс павялічыў колькасць аўтараў і, акрамя Полацку і Наваполацку, чытаўся ў менскіх ВНУ, ім зацікавіліся адпаведныя органы. Усе нумары “Блакітнага ліхтара” былі канфіскаваныя, а пасля “прафілактычных гутарак” выпуск часопіса прыпыніўся.
У 1976 Вінцэсь Мудроў скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. З прычыны палітычнай ненадзейнасці яму было адмоўлена ў прыёме на працу на Наваполацкі завод «Вымяральнік», які належаў да ліку «абаронных» прадпрыемстваў.
У другой палове 1970-1980-х займаўся капіяваннем і распаўсюджваннем забароненай у СССР літаратуры, у тым ліку “Расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка” В. Ластоўскага, часопіса “Крывіч” і вершаў ды паэмаў рэпрэсаванай паэткі Ларысы Геніюш. Мудроў быў адным з тых, хто наведваў Геніюш у яе доме ў Зэльве на Гарадзеншчыне, а ў 1983 удзельнічаў у пахаванні паэткі.
Пасля заканчэння інстытуту працаваў на прадпрыемствах Наваполацку, а пасля Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі РСФСР. У канцы 1980-х Вінцэсь Мудроў вярнуўся ў Беларусь і дасюль жыве ў Наваполацку.
Аўтар кніг прозы і эсэістыкі:
«Жанчыны ля басейна» (1992),
«Гісторыя аднаго злачынства» (1993),
«Зімовыя сны» (1999),
«Ператвораныя ў попел» (2005),
«Альбом сямейны» (2007),
«Багун» (2013),
«Албанскае танга» (2016),
«Страна огненных птиц» (2016),
«Последняя репетиция» (2016),
«Албанское танго» (2016),
«Забойца анёла» (2017),
«Помнік літары „Ў“» (2018),
«Восень у Вільні» (2019),
«Падшыванцы» (2020),
«Меліярацыя з Альбэрам Камю» (2021),
«Замецены след» (2021),
«Гарачы парафін» (2023),
«Сустрэчы» (2023).
За сваю творчасць быў неаднаразова адзначаны прэміямі, сярод якіх “Залаты апостраф” (2010), прэмія часопіса “Крыніца” (1998), Прэмія імя Ежы Гедройця (ІІІ месца 2014, 2018).