Галаўчынер Віктар Якаўлевіч (28.6.1905, Мінск — 15.7.1961, Вільня). Драматург.
Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. У 1926 г. закончыў Беларускую драматычную студыю пры Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва ў Маскве. Працаваў у Мінску рэжысёрам і акцёрам Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра (1926—1938), Беларускага рабочага тэатра імя ЦС ПСБ (1930—1932). У 1938—1939 гг. выкладчык тэатральнага вучылішча ў Мінску, у 1939—1942 гг. рэжысёр БДТ-1, у 1942—1946 гг. мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР, у 1946—1948 гг. галоўны рэжысёр Дзяржаўнага рускага тэатра БССР. З 1949 г. галоўны рэжысёр у тэатрах Іркуцка, Ташкента, Вільні. Народны артыст БССР (1944) і Літоўскай ССР (1959).
Пахаваны на Антокальскіх могілках у Вільні, Літва.
У 1925 г. апублікаваў першы твор — п’есу “Гаўрош” па матывах рамана В. Гюго. Аўтар п’ес “Велікадушнасць” (пастаўлена ў 1935), “Урок жыцця” (“Жыццё вучыць”, пастаўлена ў 1942), “Да вяршынь” (1946), “Прафесар гісторыі” (1948). Выступаў і як тэатральны крытык.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 72).