Сумная навіна для беларускай літаратуры. Памёр адзін з найстарэйшых і найвядомейшых празаікаў-шасцідзясятнікаў Віктар Карамазаў.
Ён — аўтар вядомай серыі раманаў-біяграфій мастакоў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Станіслава Жукоўскага, Гаўрыіла Вашчанкі, рамана “Пушча”, эсэ-травелога пра Афрыку “Глядзіце ў вочы лемуру”, кніг прозы “Дзяльба кабанчыка”, успамінаў і эсэ “Проста ўспомніў я цябе”, “З вясною ў адным вагоне”, “Вясёлка сярод зімы” і многіх іншых.
Выдатны эсэістычны стыль Віктара Карамазава, удумлівы псіхалагічны аналіз унутранага свету герояў, свабодны гумар і яркая дэталь, віртуозны, і ў той жа час лёгкі для чытання сінтаксіс Віктара Карамазава, як і ягоных паплечнікаў у пакаленні — Міхася Стральцова, Алеся Жука, Вячаслава Адамчыка — назаўжды застанецца важнай падзеяй у беларускай літаратуры.
Віктар Карамазаў нарадзіўся 27 чэрвеня 1934 года ў сям’і настаўніка ў Чэрыкаве (Магілёўская вобласць). У час Вялікай Айчыннай вайны жыў з бацькамі ў Чувашыі, Татарстане, Ульянаўскай вобласці. Пасля вайны сям’я жыла ў Крычаве. Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ (1958). Працаваў адказным сакратаром чэрыкаўскай раённай газеты «Сацыялістычная перамога», крычаўскай раённай газеты «Шлях сацыялізму», загадваў аддзелам у міжраённай газеце «Новае жыццё» (Крычаў). У 1962—1963 гг. — уласны карэспандэнт абласной газеты «Магілёўская праўда». З 1964 года працаваў у «Звяздзе», затым у «Літаратуры і мастацтве», часопісе «Полымя», быў загадчыкам аддзела мастацкіх фільмаў «Тэлефільма».
Старэйшыны беларускай прозы не стала на 90-м годзе жыцця.
Светлая памяць. Мы будзем памятаць вас, Віктар Філімонавіч.