Вуль Ялегі Пранціш (сапр. Карафа-Корбут Элігій-Францішак, 21.4.1835, Віцебск — 8.12.1894, Варшава, Польшча). Паэт ХІХ ст.
Нарадзіўся ў сям’і віцебскага чыноўніка. З 1846 г. вучыўся ў Віцебскай гімназіі, аднак з-за слабога здароўя апошні клас не закончыў. Уладкаваўся пісарам у Віцебскую Палату дзяржаўных маёмасцей, дзе працаваў цягам 1856—1862 гг. Разам з бацькам і братам удзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гг. Быў арыштаваны і сасланы на пасяленне ў Сібір. Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі гурток. Працаваў карэктарам ў “Gazecie Polskiej”.
Пахаваны на могілках Старыя Павонзкі, Варшава.
Ужо падчас вучобы вылучаўся літаратурнымі здольнасцямі. Дасылаў агляды культурнага жыцця Віцебска ў варшаўскую “Gazeta Codzienna”. Вядома, што пісаў вучнёўскія працы “Воспоминания детства и юности” (верасень 1851), “Витебск” (верасень 1852), “Крестины ў белорусских крестьян” (май 1853), “О Державине вообще и об оде „Бог“ в особенности” (студзень 1854). Адзіны вядомы беларускамоўны верш “К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка”, запісаны ў “Альбоме” пісьменніка Арцёма Вярыгі-Дарэўскага 23 красавіка 1859 г. Першапублікацыя гэтага верша адбылася ў “Нашай Ніве” ў 1912 г. Пісаў таксама на польскай мове.