Стартавала новая выдавецкая ініцыятыва «33 кнігі для іншай Беларусі». За навінамі праекту можна сачыць на сайце.
Пра першую яе кнігу «Нетутэйшыя. Reversion» Свабода пагаварыла з суаўтарам выданьня Зьмітром Вішнёвым.
«33 — лічба ўмоўная і таямнічая»
— Анталёгія беларускай экспэрымэнтальнай драматургіі стала першай кнігай новай беларускай замежнай выдавецкай ініцыятывы. Чаму менавіта зь яе пачалося выданьне заплянаванай 33-тамовай сэрыі кніг для новай Беларусі?
— Рашэньне пра першую кнігу прымалі ініцыятары акцыі: Ірына Герасімовіч, Сільвія Засэ і Лукас Берфус. Праект «33 кнігі для іншай Беларусі» распачаўся з выданьня «НЕТУТЭЙШЫЯ: REVERSION. Беларуская экспэрымэнтальная драматургія („ТВЛ“, „Бум-Бам-Літ“)». На мой погляд, гэта выдатная кніга! Грунтоўная і разнаплянавая.
Анталёгія зьмяшчае п’есы канца 1990-х — пачатку 2000-х гадоў, напісаныя Лявонам Вольскім, Маркам Ледэтэдам, Сержам Мінскевічам, Віталём Пятроўскім, Ганнай Ціханавай, Вольгай Гапеевай, Віталём Воранавым, Васілём Дранько-Майсюком і інш. — усяго больш за 20 аўтараў, а таксама маніфэсты «Бум-Бам-Літу» (Альгерд Бахарэвіч, Серж Мінскевіч і інш.). Ёсьць хроніка пэрформансаў і тэатральных пастановак экспэрымэнтальных п’есаў, сьпіс літаратуры па тэме, тры прадмовы, дзьве рэцэнзіі, багаты ілюстрацыйны матэрыял. Дарэчы, наколькі я ведаю, кніг у праекце будзе нават болей, 33 — лічба ўмоўная і таямнічая.
«Хацелася ў назьве паказаць новую літаратурную генэрацыю, якая ідзе за «Тутэйшымі»
— Першае слова ў назьве выдадзенай анталёгіі — «Нетутэйшыя». Чытача, які ведае п’есу Купалы «Тутэйшыя» і аднайменнае Таварыства маладых літаратараў, назва «Нетутэйшыя» можа зьбянтэжыць. Што вы закладалі ў гэтую назву? Патлумачце, калі ласка, ваш выбар.
— Быў напачатку іншы варыянт назвы анталёгіі — «Цыркулярны душ» (так называецца п’еса Ігара Сідарука), але потым адмовіліся ад яго.
Можна згадаць назву зборніка бумбамлітаўцаў «Тазік беларускі» — па аналёгіі з «Дудкай беларускай». Тут мы пайшлі тым жа шляхам — хацелася ў назьве паказаць новую літаратурную генэрацыю, якая ідзе за «Тутэйшымі». Магчыма, кагосьці гэта і зьбянтэжыць напачатку, але мне думаецца, што Алена Лепішава ў сваёй дасьледчыцкай прадмове тлумачыць усё вельмі грунтоўна.
«Можна ўжо гаварыць пра новае жыцьцё „нязьдзейсьненага праекту пакаленьня 1990–2000-х гадоў“»
— Так, зь «Нетутэйшымі» зразумелі. Але гэта першае слова назвы зборніка. Наступнае — «Reversion», адно са значэньняў якога — вяртаньне ў ранейшы стан. Кніга вяртае чытача на 30–40 гадоў назад, калі пісаліся зьмешчаныя ў ёй творы. У свой час бальшыня зь іх не займела ні сцэнічнага ўвасабленьня, ні шырокага прызнаньня публікі. Ці магчыма цяпер вярнуць гэты, па выказваньні літаратуразнаўцы і драматурга Сяргея Кавалёва, «нязьдзейсьнены праект пакаленьня 1990–2000-х гадоў»? Ці могуць гэтыя п’есы займець цяпер новае жыцьцё? І дзе, і як?
— Назавем гэта «першым этапам» рэалізацыі нязьдзейсьненага праекту пакаленьня 1990–2000-х гадоў. Цяпер ідуць перамовы з адным з бэрлінскіх тэатраў наконт прэзэнтацыі. Наколькі я валодаю інфармацыяй, у Цюрыскім унівэрсытэце славістыкі будуць факультатыўна дасьледаваць гэтае выданьне. Таму можна ўжо гаварыць пра новае жыцьцё гэтых п’ес. Вельмі спадзяюся, што зь цягам часу выданьне выйдзе і па-нямецку. І будзем спадзявацца, што некаторыя з твораў дабяруцца і да вялікай тэатральнай сцэны.
«На жаль, беларусаў сярод слухачоў на прэзэнтацыі анталёгіі ў Базэлі не было»
— Тым часам у швайцарскім Базэлі ўжо адбылася прэзэнтацыя «Нетутэйшых». Каго яны зацікавілі? Хто быў на гэтай імпрэзе? Замежныя славісты, тэатразнаўцы, беларусы-эмігранты самых розных прафэсій? І ці быў хто з аўтараў кнігі?
— Прэзэнтацыя прайшла вельмі добра. Напачатку выступалі перакладчыца і культурная менэджарка Ірына Герасімовіч і славістка, прафэсарка Сільвія Засэ, потым дырэктар выдавецтва DIAPHANES Міхаэль Хайц і я. Мадэравала сустрэчу Надзін Райнэрт. На жаль, беларусаў сярод слухачоў не было. Былі студэнты-славісты, перакладчыкі, тэатразнаўцы. Атрымалася цудоўная гутарка і канструктыўная дыскусія — шмат задавалі пытаньняў. З аўтараў кнігі быў толькі я.
Нягледзячы на тое, што кніга выйшла ў швайцарскім выдавецтве, праект «33 кнігі для іншай Беларусі» разьлічаны ў значнай ступені і на беларусаў унутры Беларусі. Кожны можа бясплатна спампаваць электронную вэрсію анталёгіі на сайце выдавецтва DIAPHANES. Папяровую кнігу можна замовіць там жа з дастаўкай па ўсім сьвеце.
«Выдавацца ў замежных выдавецтвах, здаецца, яшчэ не забаронена»
— Анталёгія зьмяшчае п’есы самых розных аўтараў, якія ў свой час уваходзілі ў літаратурныя суполкі ТВЛ і «Бум-Бам-Літ». І падрыхтаваная да друку яна была яшчэ да закрыцьця вашага выдавецтва «Галіяфы», у якім і мелася пабачыць сьвет. Час імкліва зьмяніўся. Няма ня толькі «Галіяфаў», але і некаторых аўтараў анталёгіі. Жывыя ж хто дзе: параскіданыя па многіх краінах за мяжой ці засталіся дома. Як у Беларусі аўтары могуць атрымаць кнігу са сваімі творамі?
— Выдавецтва DIAPHANES рассылае аўтарскія асобнікі. І хтосьці з аўтараў, хто застаўся ў Беларусі, адважыўся атрымаць анталёгію, хтосьці ўстрымаўся. Ці дойдуць кнігі да аўтараў — гэта ўжо асобнае пытаньне. Вельмі спадзяюся, што дойдуць. Напрыклад, Ганна Ціханава, якая жыве ў Баўгарыі, ужо атрымала свой экзэмпляр.
— Тут паўстае яшчэ адно пытаньне — пра тых, хто ня зьехаў. А менавіта пытаньне іхнай бясьпекі ў зьвязку з вашым выданьнем.
— Безумоўна, мы хваляваліся пра бясьпеку аўтараў, калі здавалі кнігу ў друк. З кожным удзельнікам мы размаўлялі наконт гэтага. Але ўсё ж такі анталёгія — гэта тэксты зь мінулага, гісторыя «пра ліхія 90-я ў мастацтве». Выдавацца ў замежных выдавецтвах, здаецца, яшчэ не забаронена.
Вядома, палітыку ў Беларусі можна цяпер шукаць і знаходзіць ва ўсім. У паветры, у хмарах, у лесе. Як, напрыклад, знайшлі «рэабілітацыю нацызму» ў палотнах Алеся Пушкіна. Дарэчы, у анталёгіі ёсьць фатаздымак з Art-прагнозу-96, на якім літаратары з «Бум-Бам-Літу» і ТВЛ сфатаграфаваліся разам з арганізатарам фэстывалю — Алесем Пушкіным. Сьветлая памяць Алесю.