Блус Франц Феліксавіч (Ілья Піліпавіч) (?, цяпер Чавускі р-н Магілёўскай вобл. — ?). Паэт ХІХ ст.
Паходзіў з сялян Доўгамошскай вол. Быхаўскага павета (цяпер Чавускі раён Магілёўскай вобл.). Паводле некаторых звестак, служыў чыноўнікам на Магілёўшчыне. Заўзяты манархіст і праціўнік вызваленчага руху. У 1862 г. напісаў на беларускай мове вершаваныя гутаркі “Прамова старавойта да сялян аб свабодзе” і “Прамова старавойта (для чытання маім землякам)”, у якіх заклікаў сялян да пакоры і цярплівасці, славіў цара і зямельную рэформу 1861 г., даводзіў справядлівасць сацыяльнай няроўнасці. На распараджэнне губернатара гутаркі былі вельмі аператыўна надрукаваныя ў Магілёве і выкарыстоўваліся для спынення сялянскага руху. Пасля паўстання 1863 г. працаваў на чыгунцы ў Бузулуку, быў звольнены, некаторы час жыў у Самары. У 1881 г. незадоўга да забойства Аляксандра ІІ прыслаў міністру ўнутраных спраў некалькі вершаў на рускай мове, прысвечаных цару, для друку іх для чытання на фабрыках і заводах, каб супрацьдзейнічаць агітацыі “дэмакратаў-сацыялаў”. Вершы было дазволена надрукаваць. Далейшы іх лёс, як і лёс самога аўтара, невядомы.
Звесткі пра месца пахавання адсутнічаюць.