Басуматрава Святлана Міхайлаўна (22.11.1946, Мазыр, Гомельская вобл. — 29.5.2016, Бабруйск, Магілёўская вобл.). Паэтка. Сябра СП з 1982 г.
Дзяцінства прайшло на Магілеўшчыне. У 1958 г. сям’я выехала на цалінныя землі ў пасёлак Паспеліна Алтайскага краю, у 1962 г. пераехала ў Баранавіцкі раён. Пасля заканчэння школы (1964) працавала старшай піянерважатай Вольнаўскай васьмігадовай школы пад Баранавічамі. У 1966—1969 гг. вучылася ў Літаратурным інстытуце ў Маскве (скончыла завочна ў 1986). Працавала ўлікоўцам у саўгасе “Савіцкі” Баранавіцкага раёна, выкладала беларускую і нямецкую мовы ў Крывошынскай і Федзюкоўскай сярэдніх школах Ляхавіцкага раёна. З 1972 г. у Бабруйску — швачка-матарыстка швейнай фабрыкі, паштальён, укладчыца камбіната будаўнічых матэрыялаў, карэспандэнт-арганізатар радыёвяшчання, карэспандэнт шматтыражнай газеты “Рабочы” кантралёр вытворчага аб’яднання “Беларусьгуматэхніка”. Сябра СП СССР з 1982 г.
Памерла ў Бабруйску, пахаваная там жа.
Першы верш надрукаваны ў 1960 г. (паспелінская раённая газета “За урожай” Алтайскага краю). Аўтарка кніг паэзіі “Белая Бярэзіна” (Мінск, 1981), “Кветкі палявыя” (Мінск, 1985), “Званы чалавечнасці” (Мінск, 1988), “Далеч-далячынь” (Мінск, 1991).