Аляксееў Мікалай Іванавіч (17.12.1898, Санкт-Пецярбург, Расія — 12.8.1985, Мінск). Празаік, драматург. Сябра СП з 1947 г.
Рана асірацеў, у дзесяць гадоў стаў вучнем, падручным, потым працаваў электраманцёрам у тэхнічных канторах Пецярбурга, на трыкатажнай фабрыцы “Керстэн” і Абухаўскім заводзе. У жніўні 1915 г. прызваны ў армію. На Заходнім фронце быў паранены. Браў удзел у Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыях і грамадзянскай вайне. У 1918—1958 гг. у Савецкай Арміі — прайшоў шлях ад радавога байца да генерал-маёра. Скончыў Акадэмічныя курсы вышэйшага каманднага саставу пры Ваенна-інжынернай акадэміі (1935). Удзельнічаў у баях на Хасане. У час Вялікай Айчыннай вайны — начальнік аддзела кадраў Заходняга і 3-га Беларускага франтоў. Пасля звальнення ў запас з пасады начальніка Далёкаўсходняй сувораўскай вучэльні (1958) жыў у Мінску. Сябра СП СССР з 1947 г. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, пяццю ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава II ступені, Айчыннай вайны I і II ступеняў, “Знак Пашаны”, крыжам Грунвальда III класа і медалямі. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Выступаў у друку з 1939 г. Пісаў на рускай мове. Аўтар раманаў “Яков Железнов” (Москва, 1946), “Испытание” (Курск, 1957), “По зову сердца” (Минск, 1974), аповесцей “Вот так-то, Николай!” (зборнік “Людй высокого долга”, Минск, 1964), “Сухарь” (Минск, 1971), дакументальнай кнігі “Навстречу Победе” (з Н.І.Крыловым і I.Г.Драганом, Москва, 1970) і дакументальнай аповесці “Осколком оборванная жизнь” (Москва, 1978). Напісаў п’есу “Сестра Варвара” (пастаўлена ў 1960).