Абуховіч Альгерд Рышардавіч (25.7(6.8.).1840, в. Калацічы, цяпер Глускі р-н Магілёўскай вобл. — 10(22).8.1898, Слуцк, цяпер Мінская вобл.). Пісьменнік ХІХ ст.
Паходзіў са шляхецкага роду. У 1852—1854 гг. вучыўся ў Слуцкай кальвінскай гімназіі, але не закончыў яе. Падарожнічаў па Еўропе, жыў у Жэневе, Парыжы. У 1858—1859 гг. быў вольным слухачом кальвінскай акадэміі ў Жэневе. У 1862 г. колькі разоў адведваў Вільню, магчыма, быў знаёмы з У. Сыракомлем. У выніку канфлікту са сваякамі пакінуў свой маёнтак, жыў у Слуцку. Падтрымліваў адносіны з паўстанцамі 1863 г. Расудоўскім і К. Аколавым, з Ф. Багушэвічам. Вакол А. Абуховіча гуртавалася моладзь (Я. Дыла, І.Чудоўскі, А. Ярэміч і інш.).
Пахаваны на могілках у Слуцку (помнік адшуканы ў 1966 годзе краязнаўцам Р. Родчанкам).
Творчая спадчына захавалася фрагментарна. Пры жыцці творы А. Абуховіча не публікаваліся. Пісаў па-беларуску і па-польску. Быў адным з заснавальнікаў жанру байкі ў беларускай літаратуры. Перакладаў і пераствараў па-беларуску творы польскай, рускай і заходнееўрапейскай літаратур, аднак пераклады не захаваліся. Аўтар мемуараў, якія ўпершыню былі апублікаваныя ў газеце “Гоман” у 1916 г. пад назвай “З папераў Абуховіча”. Зборнік “Творы” А. Абуховіча быў выдадзены ў Мінску ў 1991 г.