Падкаст “Спіс на лета” пачынае новы сезон — з Уладзіміра Дубоўкі

Падкаст “Спіс на лета” пра беларускую літаратурную класіку, запусціў другі сезон. У яго першым выпуску выкладчыца і філалагіня Марына Казлоўская і паэтка і арт-менеджэрка Дар’я Бялькевіч размаўляюць пра жыццё і творчасць паэта і перакладчыка Уладзіміра Дубоўкі.

“Уладзімір Дубоўка прадстаўлены ў школьнай праграме двума вершамі, адзін з якіх вы, хутчэй за ўсё, ведаеце на памяць. Прапануем паслухаць пра галоўную постаць беларускіх бурапенных дваццатых, пра чалавека з найцікавейшай і найскладанейшай біяграфіяй. “Залатая асенняя раніца”, “Пальцы жоўтых кляновых лістоў”, верас і цягнікі, авангардныя эксперыменты ў паэзіі і санеты Шэкспіра і Байрана, а таксама пра тое, як захоўваць годнасць у бесчалавечных абставінах, бо “жабрацтва духу — не вялікі гонар”, — напісана ў анонсе да выпуску.

Папярэдні сезон падкаста меў 12 выпускаў, сярод якіх былі гутаркі пра Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча і іншых класікаў беларускай літаратуры.

Падкаст дасяжны для праслухоўвання на YouTube, Apple Podcasts, Yandex Music, Spotify, Castbox, а таксама на сайце Wir.by.