Да 90-годдзя Генадзя Бураўкіна (1936—2014) перавыдалі апошнюю прыжыццёвую кнігу вершаў паэта. Першае выданне 12 гадоў таму пабачыла свет у серыі “Кнігарня пісьменніка” (выдавецтва “Кнігазбор”). Сігнальны асобнік Генадзь Бураўкін паспеў перад смерцю патрымаць у руках.
“Пра гэту кнігу мяне папрасіў сам Генадзь Бураўкін — паміраючы, ён пажадаў убачыць выдадзенымі свае апошнія вершы. І гэтае жаданне трымала яго ўсе апошнія дні на парозе паміж жыццём і небыццём, — успамінае адзін з укладальнікаў кнігі Сяргей Шапран. — І я тады паспеў, мы тады паспелі, названыя і не названыя тут героі гэтай гісторыі, – за тры дні да смерці паэта былі ў яго з адзіным экзэмплярам кнігі “Нагаварыцца з зоркамі”, які потым Юлія Якаўлеўна паклала да мужа ў труну. Так пачаўся лёс гэтай кнігі”.
У кнігу “Нагаварыцца з зорамі” Генадзя Бураўкіна, аднаго з найяскравейшых прадстаўнікоў славутага “філалагічнага пакалення”, увайшлі выбраныя вершы апошніх гадоў жыцця паэта (2010—2013 гадоў).
Перавыданне апошняй кнігі Генадзя Бураўкіна ўдалося здзейсніць перадусім дбаннямі жонкі паэта спадарыні Юліі.
Кнігу з сённяшняга дня можна купіць у “Акадэмкнізе” ў Менску.






