У саракавым выпуску аўтарскага падкасту “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец адгукаецца на кнігу эсэ Ханны Арэнт “Пра чалавечнасць у цёмныя часы”, якая была адмыслова ўкладзеная Марыяй Луізэ Кнот для выдавецтва “Пфляўмбаўм” і перакладзеная для беларускіх чытачак і чытачоў. Паралелі з успамінамі Ларысы Геніюш; як бараніцца, калі на цябе нападаюць як на габрэя / беларуса; перакулены свет і заўсёдная чужасць.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Прачытаўшы кнігу ўспамінаў Ларысы Геніюш “Птушкі бяз гнёздаў”, я проста ня мог ня ўзяцца за кнігу Ханны Арэнт, якая называецца “Пра чалавечнасьць у цёмныя часы”, то бок, распавядае пра тое самае. Адно што габрэйская, нямецкая і амэрыканская мысьлярка Арэнт назірала за прыходам гітлерызму да ўлады ў Нямеччыне, а беларуска Геніюш бачыла штосьці падобнае ў Польшчы, Чэхіі, Беларусі і Савецкім Саюзе. Да таго ж аўтаркі належаць да аднаго пакаленьня. Праўда, Арэнт пашчасьціла пазьбегнуць тых турэмных ды лягерных пакутаў, якія на поўніцу перажыла Ларысы Геніюш.
Урэшце кніга Ханны Арэнт фактычна выкліканая пытаньнем, якое Сьвятлана Алексіевіч задала на кніжным фэстывалі ў Кёльне вядомай нямецкай экспэртцы ў інтэлектуальнай спадчыне Арэнт Мары Луізе Кнот: “Ці можаце вы мне сказаць, што Ханна Арэнт думала пра калектыўную віну ці існуе нямецкая віна?”. Уласна з гэтай калізіі ўсё і пачалося. Сьвятлана прапанавала Мары Луізе ўкласьці кнігу эсэ Арэнт для беларускага жаночага выдавецтва “Пфляўмбаўм”. І вось чытачы атрымалі па-беларуску першую кнігу славутай мысьляркі. То бок, адбылася інсьпірацыя кнігі.
На пытаньне “Калі, пасьля якой падзеі Арэнт адчула, што спыніць прыход нацыстаў да ўлады немагчыма”, яна адказала, што гэта быў падпал Рэйхстага 27 лютага 1933 году, калі ў тую ж ноч пачаліся незаконныя арышты, людзей адпраўлялі ў камэры гестапа або ў канцлягеры. То бок гэта канкрэтная дата пачатку галякосту і татальнай бесчалавечнасьці.
Сама Арэнт была тады вольнай мысьляркай і ні ў якой арганізаванай працы ня ўдзельнічала. І вось тагачасныя лідэры сіяніцкай арганізацыі прапанавалі ёй сабраць калекцыю антысэміцкіх выказваньняў у нізах — у розных аб’яднаньнях, прафсаюзах і г.д. А ў нацыянал-сацыялістаў гэта падпадала пад “прапаганду жахаў”… Арэнт затрымалі, але неўзабаве выпусьцілі (гэта адбылося ў Францыі), і яна перайшла “зялёную мяжу” — у бясьпечную краіну, бо ў Нямеччыне ўжо бушаваў галакост.
***
“Я дайшла да ўсьведамленьня, якое тады часта выражалася адным сказам: «Калі на цябе нападаюць як на габрэя, ты мусіш бараніцца як габрэй». Не як немец, ці грамадзянін сьвету, ці носьбіт правоў чалавека і гэтак далей. Па-другое, у мяне ўзьнік выразны намер дзейнічаць у межах нейкай арганізацыі. Упершыню. І, вядома, зь сіяністамі. Толькі яны былі да гэтага гатовыя”.
І тут першае, прызнаюся, нечаканае пытаньне: “А калі на цябе нападаюць як на беларуса, ты мусіш бараніцца як беларус?” І як сабе гэта ўявіць? У чыстым незакамуфляваным выглядзе такія выпадкі здараліся ў савецкі час. Тыповыя прыклады — забойствы этнографа Лявона Баразны ці паэтаў Ігара Хадановіча ці Анатоля Сербантовіча, якія сталі ахвярамі менавіта антыбеларускіх вулічных нападаў. Мы, вядома, нічога ня можам сказаць пра гэтыя здарэньні якія і засталіся ў гісторыі ў выглядзе амаль што чутак. Але ў кожным разе гэта карыснае пытаньне: як бараніцца беларусу як беларусу?
Калі Ханну Арэнт спыталі, ці сумуе яна па дагітлераўскай Эўропе і што ад яе засталося, яна сказала: мова. “Паміж роднай мовай і іншымі розьніца агромністая… Калі казаць пра нямецкую мову, то я ведаю на памяць досыць вялікую частку нямецкай паэзіі. Яна заўсёды лунае недзе ў мяне ў галаве… Зь іншымі мовамі такога, вядома, ніколі ня будзе”.
Пры тым яна працуе выкладчыцай, яна дасканала гаворыць яшчэ і па-француску і па-ангельску…
Калі чалавек забывае родную мову, гэта адразае яго ад прадуктыўнасьці, якую родная мова яму гарантуе, — робіць выснову Арэнт.
***
Арэнт называе габрэяў клясычным прыкладам “бясьсьветнага” народу, які пратрымаўся тысячы гадоў. “Сьвет” тут разумеецца як прастора для палітыкі, то бок, тое, што беларусамі было страчана ці яшчэ не набытае ў поўнай меры з канца 18 ст. Ці можна сёньня беларусаў назваць бясьсьветным народам? Пытаньне, якое я пакідаю адкрытым, бо пры фармальным прызнаньні краіны зусім ня скажаш, што ўся палітыка робіцца для беларусаў і беларусы ў прыярытэце.
Геніюш піша пра любоў да краіны і свайго народу, пра чалавечнасьць вельмі паэтычна. Зразумела, што стылёва Арэнт пазьбягае лірызму і фармулюе думку больш утылітарна. Яна піша: “Асаблівая габрэйская чалавечнасьць, як вынік страты сьвету, была нечым вельмі прыгожым. Гэта было нешта цудоўнае: гэтае існаваньне па-за грамадзкімі сувязямі, гэтая поўная адсутнасьць перадузятасьці…”
Калі немцы толькі станавіліся небезумоўнымі пераможцамі ў вайне, яны пачалі атаясамліваць нацыста і немца ў адно цэлае і такім чынам рабіць вінаватым увесь нямецкі народ. “Хто ў Нямеччыне нацыст, а хто антынацыст, зможа вызначыць толькі той, хто здолее зазірнуць у чалавечае сэрца, якое, як вядома, недасяжнае для чалавечага вока”. Адсюль выснова пра адказнасьць усяго нямецкага норода. Арэнт адразу рашуча адкідае гэты тэзыс, што вінаватыя ўсе. Калі вінаватыя ўсе, значыць, не вінаваты ніхто. А найперш невінаватыя якраз тыя, хто ўчыняў забойствы.
Сьцьверджаньне пра тое, што немцы могуць існаваць толькі пры гэтай уладзе, аўтаматычна вядзе да высновы, што гэтую ўладу можа зьнішчыць толькі праз зьнішчэньне ўсяго народа. У нашым выпадку ўсё ня так. Бо вядома, што ўлада не беларуская і не для беларусаў найперш, што ўсё ўласна беларускае, пра што піша Геніюш, чужое і варожае лукашысцкай уладзе.
***
Тое, што адбылося ў 1933—45, — піша Арэнт, — людзі не маглі ані пакараць належным чынам, ані прабачыць — тут паралель зь Нямеччынай відавочная. Прычым яна працягваецца да гэтага моманту. Мы й сёньня думаем пра тое, што сьмерці прычыненыя цяперашнімі забойцамі цяжка пакараць і, натуральна, прабачыць.
“Пытаньне віны і адказнасьці. Той, хто ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці, незалежна ад партыйнай прыналежнасьці да элітных фармаваньняў рэжыму, так ці інакш датычны да дзеяньняў рэжыму ў цэлым. На ўсіх гэтых пасьляваенных працэсах суды патрабуюць доказаў таго, што абвінавачаныя ня ўдзельнічалі ў злачынствах, легалізаваных тым урадам і гэты няўдзел, які разглядаецца як юрыдычны стандарт для правільнага і няправільнага, стварае значныя праблемы менавіта ў пляне пытаньня пра адказнасьць”.
З усіх формулаў паводзін, пра якія піша Арэнт, вылучаецца тая, якую я назваў бы формулай чысьціні. Арэнт кажа пра тых, хто выбралі сьмерць, каб далей жыць з самімі сабой, мысьліць і самастойна судзіць, а не заставацца вернымі запаведзі “не забі”. Жыць з самім сабою… можна, калі гэтае жыцьцё самога з сабой адкрытае, а значыць, у чалавека ёсьць сумленьне. Ці заўсёды яно можа праявіцца ў лягеры? Арэнт тут прыводзіць вызначэньне Плятона, які казаў пра “маўклівы дыялёг з самім сабою”.
***
Само такое выданьне вельмі важнае для беларускага мысьленьня і мовы. Гэтая думка прыйшла ў галаву, калі чытаў “Silvа Rerum” Крысьціны Сабаляўскаце ў перакладзе Сяргея Шупы, мне падавалася, што я прысутнічаю на іспыце, які здае ці то беларуская мова, ці то маё ўласнае ўяўленьне пра яе. І кожны раз іспыт сканчаецца воклічам захапленьня чалавека, які мусіць ацэньваць веды. З гэтых воклічаў захапленьня складаецца агульны эмацыйны стан чытача.
У пасьляслоўі Марыя Луізэ Кнот, якая ўласна і ўклала гэтую кнігу Ханны Арэнт, піша, “У 1961 яна паехала ў Ерусалім на суд над Айхманам, бо хацела на ўласныя вочы пабачыць нацыста-фанатыка. Аднак Айхман, якога яна ўбачыла падчас працэсу, ашаламіў яе ў палітычным, юрыдычным і маральным сэнсе, і тут неістотна, прыкідваўся ён на судзе ці не. У любым выпадку ягоны выступ быў фэнамэнальны: атрымліваецца, сумленьне сапраўды магло настолькі зьбіцца з дарогі і кіравацца выключна абавязкам і законапаслухмянасьцю. Сьвет перакуліўся: тое, што дагэтуль лічылася маральнай каштоўнасьцю, раптам зрабілася незаконным, а колішнія права і закон — злачынствамі”.
Мы яшчэ шмат разоў падыдзем да гэтай дзіўнай “формулы сумленьня”, размовы з самім сабою, каб убачыць яе і ў ранейшых аўтараў, напрыклад, у Шэксьпіра, які пісаў, што ў пытаньнях сумленьня вядзецца не пра выкананьне запаведзяў, а пра тое, ці зможаш ты жыць у міры з самім сабою, калі нешта ўчыніш. Людзі, што задавалі сабе гэтае пытаньне, у сумнеўных выпадках вырашалі ўцячы ў прыватнае жыцьцё і не рабіць нічога, каб не давялося жыць з забойцам у сабе.
“У эсэ Арэнт адчуваецца, наколькі інтэнсіўныя яе пошукі. Хаця яе голас моцны і разважны, — піша Мары Луізэ Кнот, — структура сказаў нагадвае рух навобмацак. Нібы выцягнуўшы рукі наперад, яна прасоўваецца па невядомых тэрыторыях мысьленьня, пракладвае новыя шляхі для думкі. Нават жэстыкуляцыя мовы яе твораў прасякнутая тым, што Ясьперс калісьці назваў «воляй да ісьціны і сузіраньня чалавека»“.
Дыстанцыю, зьвязаную з паходжаньнем, Арэнт вельмі рана ператварыла ў паэтычную мэтафару і называла сябе “дзяўчынай з далёкага краю”, спасылаючыся на адзін зь вершаў Фрыдрыха Шылера. У Шылера гэта “дзяўчына”, што нарадзілася ня ў гэтай даліне, то бок не залучаная ў звычкі тутэйшых, яна не спажывае тутэйшых пладоў, а прыносіць “кветкі і садавіну”, што “вырасьлі на іншай ніве”. У гэтым сэнсе Арэнт супрацьпастаўляе сябе Геніюш, якая разумее і падае сябе як беларуска, а калі трэба, дык як і сама Беларусь. У Шылера дзяўчына з далёкага краю — духоўная чужынка. Тая, хто пры ўсім жаданьні належаць да сваёй новай радзімы, нясе ў сабе сілу чужыншчыны, сілу таго факта, што нехта недзе бачыць, думае і адчувае па-іншаму. Арэнт хацела паставіць гэтую ўнутраную супярэчнасьць паміж асыміляцыяй і адрознасьцю на службу працы. “Паводле складу мысьленьня я ўсё яшчэ з Кёнігсбэрга. Часам я ўтойваю гэта ад самой сябе. Але гэта так. Амэрыцы я належу, так бы мовіць, толькі і адначасова ўсім маім палітычным сэрцам. Дакладней, дзе б я ні апыналася, я заставалася і застаюся дзяўчынай з далёкага краю, пра якую гаворыцца ў вершы Шылера… і што тут, што там… мне спадарожнічаў страх, што калі-небудзь я страчу саму сябе”.
***
Увогуле ўсе думкі пра чалавечае сумленьне вяртаюць нас да той формулы “размовы з самім сабою”, дзе ўласна і жыве сумленьне. Арэнт піша: “Выказваньне «гэтага я зрабіць не магу» ўтрымлівае маральную адказнасьць, але з палітычнага гледзішча яно безадказнае, бо мерай у ім служыць індывід, а не зьмяненьне сьвету”. Пытаньне, якое, на думку Арэнт, патрабуе адказу, — “Што ня так з сумленьнем (веданьнем сябе) і воляй, калі ў іх настолькі аслабеў аспэкт аўтаномнасьці? І мы ня можам адмежаваць суджэньне ад (асабістага) меркаваньня і ўзмацніць пазыцыі першага?”
Многія шырокавядомыя тэрміны праходзяць адмысловае прадумваньне ў лябараторыі Ханны Арэнт і на выхадзе становяцца, можа быць, лепш зразумелымі “проста тэрмінамі”, такімі, як іх ужывае Ларыса Геніюш. “Зноў і зноў аўтары гісторыі спасылаюцца на загадкавыя «патрэбы». Але мы хочам быць на гэтай зямлі не патрэбнымі, а жаданымі. Быць годнымі. Годнасьць, аднак (тут Арэнт цытуе Ісака Дзінесена), — гэта вера ў ідэю, якую меў Бог, калі нас ствараў. Годны чалавек імкнецца жыць у сьвятле гэтай ідэі”.






