Сяргей Дубавец занураецца ва ўспаміны пра Гомель разам з кнігай Лэслі Найфа

У новым выпуску аўтарскага падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец чытае аўтабіяграфічную прозу вядомага гомельскага рок-музыкі Уладзіслава Наважылава (Lesley Knife) “Яблык у валізцы” і сам занураецца ва ўспаміны пра Гомель і часы зараджэння нефармальнай беларушчыны.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

Аўтабіяграфічную прозу чытаеш звычайна зь цікавасьцю да іншага жыцьця як паралельнага твайму ўласнаму. Ты пазнаеш горад, пазнаеш падзеі, уласныя эмоцыі, атмасфэру, пытаньні, на якія ў цябе не было, ды й няма адказу. Усё залежыць ад гэтай самай пазнавальнасьці і трапнасьці інтэрпрэтацый, ад шчырасьці і дакладнасьці аўтара, словам, ад літаратурнага таленту — ці будзеш ты чытаць далей ці страціш цікавасьць.

Напэўна, імя Ўладзіслава Наважылава (або Лэсьлі Найфа), гомельскага мэталіста, фронтмэна гурта Gods Tower так ці інакш на слыху ў кожнага беларуса, нават такога, які ня слухае мэтал і нічога ў гэтым не разумее (мяркую пра гэта па сабе). У нейкі момант нашы жыцьці, нічога ня ведаючы пра тое, пайшлі паралельным шляхам і чытаць пра тое стала цікава. Вядома ж мне імпанаваў ягоны вобраз антысаветчыка, які ўжо ў сярэдняй школе ствараў Саюз двоечнікаў і ў якім я мог пазнаць сябе самога. Ён піша:

“Добрыя адзнакі ў мяне таксама былі па грамадазнаўстве. І настаўнікі гэта прызнавалі. А гэта значыць, што поўным ідыётам мяне не лічылі. А лічылі мяне нефармалам. І недарэмна. Я ладзіў у клясе гульню ў шпіёнаманію, ствараў Саюз двоечнікаў і зьдзекваўся з кірыліцы, замяняючы некаторыя літары на лацінскія.

Настаўніца рускай мовы за гэта назвала мяне Трыянонам у гонар кодавага імені аднаго славутага амэрыканскага агента. Я паківаў і сказаў, што так і ёсьць, пасьля чаго паправіў піянэрскі гальштук”. 

Уладзіслаў Наважылаў успамінае пра сваё школьнае юнацтва, тым часам я згадваю, што прыехаў у Гомель у 1984 годзе, каб адпрацаваць у газэце “Гомельская праўда” тры гады прымусовага разьмеркаваньня пасьля журфаку БДУ, я быў літаральна зачараваны ягонай несавецкай вуліцай, якая быццам іранічна называлася Савецкай і, фактычна, прыехаў на падзею, якую мы назавем Чарнобыльскай катастрофай.

***

“Я вучыўся як самы сярэдні прадстаўнік шкалаты, у мяне былі складаныя зносіны з алгебрай і іншымі дакладнымі навукамі. — успамінае Наважылаў. — Як я ўжо казаў, у мяне не было музычнага таленту, маляваў я таксама паскудна, не было асаблівых схільнасьцяў да батанікі і іншага. Але ў мяне ўсё добра было з геаграфіяй, гісторыяй і мовамі. І рускай, і беларускай, і ангельскай.

Настаўніца алгебры мне наогул сказала, што я ў адзін дзень з Гітлерам нарадзіўся, так і памру.

Дарэчы, так, у адзін дзень я зь ім нарадзіўся. Але прынцыпова не нашу вусоў, каб нас ня блыталі, ды і ідэалагічна мы ня надта блізкія, хе-хе”.

Цалкам тыповае жаданьне ня быць да кагосьці падобным. Яно, здаецца, блізкае кожнаму беларусу, але мала каму ўдаецца захаваць гэта ў сабе з маладосьці і не ператварыцца ў безаблічны стандарт, як таго патрабуе ўся сыстэма выхаваньня. 

Чарнобыль Наважылаву запомніўся сваёй гісторыяй:

“А калі бахнуў Чарнобыль, мы нічога, апроч плётак, ня чулі. Спакойна сабе хадзілі на Першамай, дарэчы. Горад калом стаяў, куды бы ты першага траўня тады ні ішоў — скрозь былі транспаранты і снулыя працоўныя клоны, якія чакалі канца мерапрыемства, каб на піва пайсьці.

Але то быў надта турботны травень, і пад канец навучальнага году нам у школе абвясьцілі, што мы амаль усёй школай паедзем хто куды.

Уракаў таксама ад сваёй школы паехаў праветрывацца, яму пашанцавала паехаць у Літву. Я шчыра потым зайздросьціў таму, што ён там вывучыў фразу «Pagrandukas pasikorė». Гэта значыць — «Калабок павесіўся».

А я тым летам на тры месяцы паехаў у горад Прахладны, які знаходзіцца ў Кабардзіна-Балкарыі. І гэта была тая яшчэ прыгода.

Мясцовыя нас сустрэлі радаснымі крыкамі «Чарнобыльскія прыехалі!» і пачалі біць. Так сказаць, пайшлі выйдзем мах на мах. І пакуль ты спрабуеш зразумець, што і куды, юшка ўжо цячэ з носу, а вока ззяе ліхтаром і ноччу можна ў туалет без святла хадзіць. Так цягнулася тыдні два ці тры першага збору…”

Цэлая гісторыя, выкліканая Чарнобылем — гомельскіх школьнікаў у 1986-м, масава вывозьлі на так званае “праветрываньне” — кагосьці ў Літву, кагосьці ў Кабардзіна-Балкарыю, і вось як гэта выглядала на практыцы. 

Што ўвогуле мы ведаем пра Чарнобыль? Апроч дзяжурных фраз, анічога. Ведаем, што Чарнобыль стаў мяжой існаваньня СССР і ўсяго “савецкага міру”, які сыходзіў у нябыт. Вось толькі мір той ператварыўся ў іншы — “рускі мір”. У новую бяду, прычым для ўсіх, для Ўкраіны найперш. Для Беларусі таксама — нічога добрага. Як напіша Лэсьлі Найф, “гэта быў якраз той год, калі скончылася наша беларуская другая Рэспубліка, вусаты калгасьнік адмяніў нацыянальныя сьцяг і герб і краіна пайшла да дыктатуры”

***

Але я забег крыху наперад, хоць Чарнобыль памяняў шмат што ў нашым жыцьці. Скажам, стала немагчыма праз тры гады вярнуцца ў Менск, бо ніхто не хацеў мяняцца на Гомель, а тады гэта быў адзіны спосаб пераехаць з гораду ў горад — кватэрны абмен. Літаральна выпадкам нам удалося памяняцца на Маладэчна, што было вялікай удачай, і ў 1987-м мы зьехалі. Тым часам у гомельскіх школьнікаў і мэталістаў былі свае клопаты.

“Як толькі пачаўся год, падсьвядома захацелася нейкіх зьмен. Тое, што сьвет мяняўся, было зразумела па ўсіх прыкметах. Мы мусілі мяняцца таксама. Я лічыў, што проста зараз трэба мяняць назву на нешта больш спэцыфічнае. Прызнаюся, хаця галоўнай прычынай было тое, што назва Ranger была відавочнай і, хутчэй за ўсё, такі гурт дзесьці ўжо быў, мяне чапляў асацыятыўны рад, які апошнім часам стаў выбудоўвацца ў маёй галаве — слова «рэйнджар» гучала неяк зусім па-амэрыканску, а нам хацелася ня быць амэрыканцамі, а проста далучацца да ўсяго сьвету праз ангельскую мову.

Насамрэч, і назва гэтая — «Рэйнджар» — яна як варыянт узьнікла даўнавата, калі я ў нейкай савецкай газэце накшталт «Правды» на апошняй старонцы ўбачыў выяву з вайсковай хронікі і тэкст, у якім было нешта пра «крыважэрных амэрыканскіх рэйнджараў». Гэта вельмі ўзбуджальна паўплывала на мой неакрэплы розум, слова зачапіла. Маляваўся нейкі вельмі мэтальны вобраз у фантазіі”. 

Сюжэтаў з падлеткавымі бітвамі “раён на раё” я не засьпеў, і справа тут не ў геаграфіі, а ва ўзросьце. Пра менскія бітвы магу ўзгадаць, бо тады і я сам быў меншы, акурат такі, як Лэсьлі Найф у мой гомельскі пэрыяд, пра што ён калярытна распавядае ў сваёй кнізе:

“Наш раён зь Сяльмашам злучаны доўгім чыгуначным мостам — у 80-я на тым мосьце былі сутычкі паміж раёнамі. У адну з іх мяне чорт за нагу тузануў за кампанію пайсьці. Ніхто ня выйграў, мяне выратавала тое, што я ў тыле знаходзіўся. А аднаго з нашых абарыгены з таго моста скінулі. Уявіце, як на мосьце сутыкаюцца два варожыя натоўпы, гатовыя пазабіваць адзін аднаго, па сутнасьці, проста таму, што рабіць няма чаго, — б’юцца кулакамі, бутэлькамі, шрубнікамі, і ўсё гэта зь лютай нянавісьцю і адрэналінам. Сутыкненьне цягнецца ня вельмі доўга, пару хвілін, людзі мяшаюцца, і там, дзе яны сустракаюцца, на асфальт пырскае кроў і соплі, ляцяць зубы і ашмоткі скуры. І тут кропка, пасьля якой усё хутка ідзе на спад. Чутны жудасны крык — і чалавек падае з моста на вагоны з розным друзам. Натоўпы разварочваюцца, і ўвесь іх гераізм сыходзіць з сыгналам «Шухер!». Яны рэціруюцца ў свае раёны, кінуўшы-рынуўшы таго, хто зваліўся ўніз. Ён, здаецца, ня выжыў, бо потым гэтая гісторыя мела працяг на ўзроўні старшых.

Я з тых часоў глыбока ўзьненавідзеў гэтую падлеткавую агрэсію, аддаючы перавагу выліваньню нэгатыву праз музыку”.

Але мяне гэта ўжо як бы і ня тычылася, ні ў Гомелі, ні ў Менску… Што значыць — перарос, перайшоў на паралельную вуліцу. 

***

Нечаканае філялягічнае пытаньне. У Наважылава дарагі ягоны сябра зь дзяцінства мае прозьвішча Уракаў. І я думаю: як ён мог гучаць у сваім расейскім на той час арыгінале? Пытаньне чыста пра дакладнасьць, а калі глыбей глядзець, пра немагчымасьць па-беларуску перадаваць гэтую расейскую асаблівасьць, пра тое, што мы чалавека можам называць ня тым, кім ён ёсьць насамрэч. Уракаў — гэта ў арыгінале Враков? Ёсьць таксама і Враков (ад “вракі”) і Ураков, і Уряков (ад цюрскага)… Словам, як тут разьбярэш. 

З чым не магу не пагадзіцца, дык гэта з ацэнкамі, якія дае Наважылаў героям той савецкай эпохі: 

“Хто жыў у СССР і бяз радасьці слухаў Кабзона, ведае, хто такі Сева Наўгародцаў. Найпрыязьнейшы варожы голас, які хоць калі вяшчаў на радыё. У адрозьненьне ад іншых, ён распавядаў пра Рычы Блэкмара і Барбару Стрэйзанд, і гэта ў савецкіх умовах было слухаць проста карысна для мэнтальнага здароўя. Палітыкі ў савецкіх умовах насамрэч хапала і на кухні. Хаця, зразумела, я ў ім моцна расчараваўся, калі даведаўся, што ён ня можа ўявіць сабе кнігу па квантавай фізыцы на ўкраінскай мове. Але тады расчараваньня не было, само сабой.

Мы разам з Уракавым сталі наведваць гомельскую «Талаку», дзе зьбіраўся творчы беларускамоўны люд, і ведаеце што? Гэта выглядала ў разы цікавей за рок-клюб, бо тут няўзброеным вокам можна было ўбачыць бясконцую крыніцу натхненьня. Першае, па што мы туды ішлі, — музычныя ідэі. Аджа раней мы і так шукалі нейкія альтэрнатыўныя ідэі для сваёй музыкі, і чаго там толькі не было. Мы разглядалі як аснову і джаз, і індастрыял, і клясыку. Але наймацнейшай крыніцай падаваўся фольк. Проста. Мэлядычна. Праверана часам. І сваё, са стоадсоткавай гарантыяй”.

Гомельскую “Талаку” стваралі мы з Барысам Пятровічам у сярэдзіне 1980–х. Адразу проста зьбіралі людзей у рэдакцыі “Гомельскай праўды”, потым памяшканьне знайшоў для нефармалаў мясцовы камсамол. Мы з Барысам і прыехалі па разьмеркаваньню пасьля журфаку. Мне запомніліся ў “Талацэ”, бадай, ня столькі музычныя ідэі, колькі супольная праца на раскопках з археолягам Макушнікавым у гарадзкім парку, на суботніках у музэі Фёдара Шклярава ў Ветцы, у Валатаве — там прываблівалі руіны царкоўкі. Я даведаўся, што гэта была ляндшафтная царкоўка (і што ўвогуле бываюць такія, калі царква будуецца ня столькі функцыянальна, колькі для далёкага віду, што адкрываецца з вакна палаца).

Трэба разумець, як тады ў Беларусі стваралася грамадзянская супольнасьць, яна пачыналася з саміх суполак, якія пасьля аб’ядноўваліся ў большыя структуры — канфэдэрацыю, пасьля БНФ… Гэта былі ініцыятывы саміх людзей, як правіла, безь ніякіх грошай. Гэта важна для таго, каб разумець, што і суполкі і БНФ карысталіся бясспрэчным аўтарытэтам у людзей і талаковец Наважылаў з натуральнай гатоўнасьцю ўзяўся за справу, якую рабіў БНФ.

Словам так, сваімі сіламі стваралася новая рэальнасьць, зусім не падобная да ранейшай, савецкай, прымусовай і для цябе вымучанай.

“Я глядзеў на сьцены вайсковай часткі, і ад духу безнадзейнасьці, які трансьлявала канструкцыя сьцен і вышак, было мне моташна. У наступным годзе мне гразіла таксама пайсьці служыць, і я вырашыў, што лепей я здохну, чым буду траціць на гэтае стэрыльнае царства сваё жыцьцё”

***

“Потым быў цэлы шэраг імпрэз, на якія мы змаглі праз перапіску запрасіць гурты аж з Масквы. Але найвышэйшым дасягненьнем было тое, што праз тую ж самую пошту мы здолелі запрасіць да нас Krabathor з Чэхіі. 

Гэта ўжо быў 1994 год. 

Гэта была першая банда з рэальнага замежжа, зь якімі мы змаглі пакамунікаваць у адной грымёрцы. Разам мы выступілі спачатку ў Мінску. А потым яны прыехалі да нас у Гомель, дзе мы зрабілі вельмі моцны выступ. Нарэшце збылася мая мара пра метал-фэстываль (хаця сумленна прызнаю: уся яго арганізацыя — заслуга Лапіцкага. Як, зрэшты, і ўсё астатняе).

Памятаю эпізод, калі Бруна, гітарыст Krabathor, убачыў у мінскай краме керзавыя боты і з агністымі вачыма набыў сабе пару. У той жа дзень ён быў такі ў іх на сцэне, і выглядала гэта так крута, аж я падумаў, што я не разумею ў абутку нічога”.

***

Цікава, што выклікала ў аўтара кнігі захапленьне? Вядома, сам горад Гомель, які проста ня можа не захапляць, а яшчэ гомельская “Талака”, шмат пазытыўных словаў ён кажа пра малдаванаў, пра больш прыродных, так бы мовіць, людзей, і, натуральна, пра фальклёр. Вялікае жаданьне зьняць шапку перад беларушчынай знакамітага мэталіста і, вядома ж, перад ягоным поглядам на сьвет, які нічым не нагадвае пра ўбітыя ў савецкія мазгі ўяўленьні пра нікому не патрэбную свабоду.

“Шмат што я шчыра ня памятаю, — піша Наважылаў, — шмат што палічыў бы за лепшае ня памятаць, шмат за што сорамна, шмат за што гадліва, а калі што і памятаеш, то гэта часьцяком такія ўрыўкі, што апісваць іх мала Сэнсу”.

У мяне асабіста засталіся найлепшыя ўражаньні ад “Гомельскай праўды”, у якой я працаваў, ад рэдактара Ўладзімера Лазько, вельмі падобнага на свабодалюбнага мэталіста і пасьля якога, на жаль, “Гомельская праўда” стала чымсьці адваротным газэце, то бок, сабе. Важна, што падобную думку выказвае ў кнізе і гамяльчук Наважылаў. Цытую:

“У газэце «Гомельская праўда», якая цяпер зусім пераўтварылася ў туалетную паперу, зьявілася нататка, упрыгожаная нашай вясельнай фатаграфіяй, дзе пісалі, «што на зайздрасьць шмат каму з прадстаўніц жаночага полу вядомы рок-музыкант ажаніўся»”