Ініцыятыва “Непаслухмяныя дзеці кастрычніка”, якая агучвае творы пісьменнікаў 20—30-х гадоў, у тым ліку рэпрэсаваных, працягвае другі сезон праекту. Гэтым разам агучылі апосвесць “Голы звер” Міхася Зарэцкага.
Твор выйшаў у 1926 годзе і адразу стаў неймаверна папулярным, гэты бэстсэлер масава выкрадалі з бібліятэк. “Мінулі 100 гадоў. Мы стварылі аўдыёварыянт гэтай кнігі. Ці ўдалося нам наблізіцца да аўтарскага бачання часу?” — задаюцца пытаннем аўтары ініцыятывы.
Міхась Зарэцкі напісаў “Голага звера” пасярод пераможнага шэсця савецкай ідэалогіі, і ў цэнтры — цалкам адмоўны герой. Менск паўстае перад чытачом і слухачом не як сталіца маладой рэспублікі, а горад злачынцаў, прытонаў і публічных дамоў. Не чакалі? Ніхто не чакаў, і таму гэтая аповесць выбухнула ў свой час — нечаканай і недазволенай праўдай пра іншы бок новага чалавека.
Прэм’ера аўдыякнігі адбудзецца 15 студзеня на YouTube-канале “Непаслухмяныя дзеці кастрычніка”.






