У межах кіналекторыю “Кіно і кніга” кнігарня “Акадэмкніга” запрашае на прэзентацыю зборніка навуковых артыкулаў “Крэва і акруга: гісторыя, археалогія, культурная спадчына” з удзелам дырэктара Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзіма Лакізы. Сустрэчу, якая пройдзе 22 студзеня а 19 гадзіне ў кінатэатры “Піянер”, будзе мадэраваць гісторык Алег Дзярновіч.
Перад наведнікамі выступяць Віталь Гарматны (Інстытут гісторыі НАН Беларусі), Алена Карлянок (Белрэстаўрацыя), Андрэй Шулаеў (архітэктар праектаў) і Уладзімір Багданаў (журналіст, калекцыянер). Таксама адбудзецца паказ дакументальнай стужкі “Крэўскі замак”.

Квіткі ўжо на мерапрыемства ўжо ў продажы, кошт — 12 рублёў. Набыць можна ў касе кінатэатра, або замовіць праз сайт.
Колькасць месцаў абмежаваная
Анатацыя:
У зборніку навуковых артыкулаў прадстаўлена багатая гістарычная, археалагічная, культурная спадчына Крэва. Змешчаныя матэрыялы, якія тычацца праблем балта-славянскіх кантактаў, рэстаўрацыі Крэўскага замка, а таксама пытанняў гісторыі мястэчка позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу, падзей Першай сусветнай вайны ў Крэве. Асобнае месца надаецца асвятленню шматэтнічнай спадчыны Крэва і яго ваколіц.
Выданне разлічана на навукоўцаў і краязнаўцаў. Будзе карысным навучэнцам і ўсім, хто цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай нашай краіны.






