Выдавецтва “Вільма” выпусціла кнігу для дзяцей. Каляровая кніжка-кардонка для самых маленькіх змяшчае верш-забаўлянку “Бай” аўтарства класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы.
Верш-песня пра Бая — гэта аўтарская апрацоўка трыдыцыйнай народнай забаўлянкі для дзяцей. Ілюстрацыі намалявала Ульяна Наўроцкая, мастацкая рэдактарка — Ганна Шчуко.
“Забаўлянка — ужо напаўзабыты жанр дзіцячага фальклёру, — тлумачаць у выдавецтве, — Але дарма, бо ён вельмі лёгка ўспрымаецца маленькімі дзецьмі праз сваю рытмічную форму, мелодыку і просты сюжэт. Адпаведна спрыяе развіццю маўлення, слыху і фантазіі. А “Бай” яшчэ і пазнаёміць дзетак з беларускай традыцыяй у вясёлай і даступнай форме”.
Кніга створаная для сумеснага сямейнага чытання з самымі маленькімі.

Бегаў бай па сцяне
У чырвоным кафтане.
Байку баіў. Ай, лю-лі!
Жылі пчолкі у вуллі…
Баіць ці не?
— Баіць!
Бегаў бай па сцяне…
Шла вясна па вясне,
Жылі пчолкі з году ў год…
Бралі ў соты з кветак мёд…
Баіць ці не?
— Баіць!
Кнігу можна набыць праз сайт Kniger.by, а таксама ў краме ў ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай (ралеты 41-42, час працы з пн па пт з 11 да 18.30, сб з 11 да 17, ндз з 11 да 16).






