Абвешчаныя пераможцы Прэміі Цёткі

Сёння ў Познані, падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”, адбылася цырымонія абвяшчэння лаўрэатаў Прэміі Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў і за найлепшае афармленне яе.

У 2023 годзе ў літаратурнай намінацыі перамогу падзялілі:

Ева Вайтоўская за кнігу “Гарэзлівы пацалунак. Кніга 2” (выдавецтва “Янушкевіч”, 2023) — з фармулёўкай “за смелую імправізацыю паводле японскага сюжэту і беларускі свет гарэзлівага юнацтва”;

Валер Гапееў за кнігу “Вольнеры. Прадвесце” (выдавецтва “Янушкевіч”, 2023) — “за адкрыццё новай прасторы беларускага міфапаэтычнага космасу”.

У мастацкай намінацыі перамагла Лізавета Лянкевіч за ілюстрацыі да кнігі Яна Бжэхвы “Акадэмія доктара Клякса” (выдавецтва “Папуры”, 2023) — “за сучасны падыход да стварэння ілюстрацый і кніжнага афармлення”.

У 2024 годзе ў літаратурнай намінацыі пераможцамі сталі:

Альгерд Бахарэвіч за кнігу “Капітан Лятучая Рыба” (выдавецтва “Янушкевіч”, 2024) — “за мастацкую трансфармацыю вобразу выгнання ў вялікае падарожжа насустрач свету”;

Эльга Папова за кнігу “Мора ў горадзе” (выдавецтва “Янушкевіч”, 2024) — “за лёгкі і нязмушаны аповед пра мора, якое заўжды з табой”.

У мастацкай намінацыі пераможцам стала зашыфраваны (-ая) ўдзельнік (-ца): Маргарыта Аніс за ілюстрацыі да кнігі Веранікі Юлляш “Розум, смеласць і добрае сэрца” (выдавецтва “Лубін”, 2024) — за ўдумлівы падыход да стварэння графічнага нарытыву ды імерсіўнага макету.

У літаратурнае журы прэміі Цёткі сёлета ўваходзілі: паэт, перакладчык, філолаг Андрэй Хадановіч; кніжная блогерка і папулярызатарка беларускай літаратуры Кацярына Жамойдзіна; культурная менеджарка, заснавальніца фонду “Кніжны вырай” Кацярына Веразуб. Астатнія сябры журы ўдзельнічаюць непублічна. Сярод публічных сябраў мастацкага журы – мастачка і ілюстратарка Лілія Бусарава, якая стала пераможцай прэміі ў 2022 годзе.

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва “Viartańnie”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.