Выйшаў зборнік артыкулаў пра Вацлава Ластоўскага і дыскурс 1920-х

Выдавецтва Skaryna Press выдала матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Вацлаву Ластоўскаму, якая праходзіла ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане ў 2023 годзе. Том мае назву — “Новым імкненьням даць новыя формы. Вацлаў Ластоўскі і культурны дыскурс 1920-х гадоў”.

Постаць Вацлава Ластоўскага — палімата-самавука, сапраўднага пачынальніка, які закладаў новыя формы і падыходы ў многіх галінах беларусазнаўства, выразна вылучаецца на фоне культурнага будаўніцтва 1920-х гадоў. Менавіта яму прысвечаная большая частка артыкулаў. У зборніку ёсць даследаванні, прысвечаныя Яўхіму Карскаму, Максіму Гарэцкаму і Аляксандру Шлюбскаму, а дзейнасць Ластоўскага разглядаецца ў звязцы з шматлікімі іншымі стваральнікамі беларускай сацыяльнай і гуманітарнай навукі ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя. Адыход ад меркаванага мовазнаўчага характару зборніка адлюстраваны ў больш шырокай фармулёўцы ягонае назвы, якая прадстаўляе творчасць Ластоўскага як частку агульнага культурнага дыскурсу 1920-х гадоў.

Ці не ўпершыню перад намі паўстае Ластоўскі як сацыялінгвіст, мастацтвазнаўца і філосаф, даследуецца рэцэпцыя ягонае творчасці.

Набыць выданне можна на сайце выдавецтва Skaryna Press. Таксама на Амазоне і іншых пляцоўках і кнігарнях у розных краінах. Першая прэзэнтацыя адбудзецца 26 кастрычніка падчас Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Берліне.

Гэта ўжо трэцяя кніга, прысвечаная Вацлаву Ластоўкаму, якая выйшла ў выдавецтве. Раней пабачылі свет “Мовазнаўчыя працы” (першы наклад распрададзены, чакаецца новы) і фотальбом матэрыялаў экспэдыцыі, пра які надоечы Сяргей Дубавец расказваў у аўтарскім падкасце “Літаратурныя зацемкі”

ЗМЕСТ ЗБОРНІКА

  • Прадмова
  • Філязофская думка Вацлава Ластоўскага ў інтэлектуальным кантэксьце эпохі (Антон Пракапчук)
  • Дэкалянізацыя беларускага наратыву гісторыі Вялікага Княства Літоўскага: ад Вацлава Ластоўскага да Міколы Ермаловіча (Сяргей Марозаў)
  • Вацлаў Ластоўскі: ля вытокаў беларускай сацыялінгвістыкі (Уладзіслаў Гарбацкі)
  • Першая і дагэтуль непераўзыдзеная „Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага (Алесь Суша)
  • „Гісторыя беларускае літэратуры” (1920) Максіма Гарэцкага ў параўнаньні з сучаснай праграмай „Беларуская літаратура” (2023) для школ Беларусі: канцэптуальныя мадэлі, корпусы тэкстаў, падыходы (Віктар Халіпаў)
  • Вацлаў Ластоўскі і справа вывучэньня помнікаў даўніны ў Беларусі ў 1920‑я гады (Сяргей Харэўскі)
  • Вацлаў Ластоўскі – мастак, калекцыянэр, мастацтвазнаўца: старонкі да біяграфіі (Вольга Лабачэўская)
  • Забыты беларускі этнограф: жыцьцё і творчасьць Аляксандра Шлюбскага (Сьцяпан Захаркевіч (Вільня)
  • Навуковыя сувязі Яўхіма Карскага зь міжваеннай Чэхаславаччынай (Міраслаў Янкавяк)
  • Вацлаў Ластоўскі ў беларускай і польскай культуры (Натальля Русецкая)
  • Паказальнік