Агляд парушэння моўных правоў у Беларусі з 1 ліпеня па 31 снежня 2024 года

У свеце ёсць краіны, якія згубілі сваю мову праз войны ці каланізацыю. У Беларусі сітуацыя «ўнікальная» тым, што беларуская мова — адзін з ключавых элементаў нацыянальнай ідэнтычнасці — падаўляецца  і пераследуецца самой дзяржавай.  Пачынаючы ад 2020 года беларуская мова ў краіне стала маркерам нелаяльнасці да рэжыму, праяўленнем палітычнай нязгоды.

У выніку паразы на выбарах Лукашэнка трапіў у моцную залежнасць ад Крамля, а падтрымка вайны Расіі супраць Украіны яшчэ больш паглыбіла гэтую залежнасць і прывяла да частковай страты суверэніту нашай краінай.   

Дамінаванне рускай мовы ў Беларусі дазваляе Крамлю ўтрымліваць Беларусь у сферы свайго ўплыву, абмяжоўваючы яе магчымасці развіваць нацыянальную незалежнасць праз уласную мову, культуру і ідэнтычнасць. У гэтай сітуацыі ўлады мэтанакіравана абвяшчаюць экстрэмісцкімі і забараняюць усе праявы беларускамоўнай культуры і дзейнасці, накіраванай на ўмацаванне суверэнітэту краіны, бо гэта аслабляе як рэжым, так і расійскі ўплыў у Беларусі.

Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае ўважліва сачыць за станам беларускай мовы ў Беларусі і збіраць кожны выпадак дыскрымінацыі беларускай мовы і яе носьбітаў для наступнай абароны.

За другое паўгоддзе 2024 г. у адкрытых крыніцах інфармацыі мы знайшлі наступныя выпадкі дыскрымінацыі.

12 ліпеня 2024 г. кампанія «Яндэкс Карты» выпусціла эксперыментальнае абнаўленне, у якім прыбрала напісанне тапонімаў на мясцовых мовах у краінах, дзе распаўсюджаны кірылічны алфавіт (Беларусь, Украіна і Балгарыя). Цяпер усе назвы адлюстроўваюцца толькі на рускай мове. Кампанія патлумачыла змены тым, што для расійскіх карыстальнікаў тапонімы ў краінах з кірылічнай пісьменнасцю не маюць патрэбы ў дубляванні на мове арыгіналу, бо маюць амаль ідэнтычнае напісанне. Таксама ў кампаніі заяўляюць, што абнаўленне адпавядае прынцыпу транслакальнасці, якога прытрымліваецца сэрвіс — ён адаптуецца пад асаблівасці выкарыстання ў кожнай краіне.

19 ліпеня 2024 г. Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі па даручэнні Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь уведзена ў дзеянне «Інструкцыя аб парадку канфіскацыі інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкімі матэрыяламі, з бібліятэчных фондаў бібліятэк Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і падпарадкаваных ёй арганізацый». Згодна з гэтай інструкцыяй, кіраўнікі бібліятэк або прызначаныя імі асобы павінны выяўляць «экстрэмісцкія матэрыялы» і перадаваць іх у Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Я. Коласа НАН Беларусі да моманту, пакуль не будзе ўстаноўлены парадак знішчэння «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Нагадаем, раней экстрэмісцкімі былі прызнаныя творы беларускіх аўтараў Васіля Быкава, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Альгерда Бахарэвіча, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Някляева ды іншых.  

23 ліпеня 2024 г. член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і дэпутат Ігар Марзалюк запэўніў журналіста «Мінскай праўды» Юрыя Уварава, што ён падтрымлівае «рэальнае двухмоўе», якое не азначае смерці нацыянальнай ідэнтычнасці і нацыянальнай культуры. Ён лічыць, што беларуская дзяржава дэманструе ўзважаны, збалансаваны падыход, але ёсць нейкія сімвалічныя палі, на якіх павінен быць прыярытэт беларускай мовы. Такімі палямі, на думку Марзалюка, магло б быць выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі, а таксама грамадазнаўства на беларускай мове ў тым ліку для таго, каб даваць моўную практыку, каб ведаць мову.  

24 ліпеня 2024 г. японец Сюнсукэ Сіндо, які пераехаў у Беларусь, у сваім блогу ў TikTok «Сухараўскі сёгун» распавёў, што спрабаваў знайсці ў Мінску беларускую моўную школу, у якой замежнікаў вучылі б беларускай мове. Аднак знайсці такую школу не ўдалося. На сённяшні дзень у Беларусі няма ніводнай моўнай школы, дзе вучылі б беларускай мове.  

8 жніўня 2024 г. Гродзенская моўная школа «Территория успеха» прапанавала курсы беларускай мовы. У сваёй аб’яве, аднак, школа пазіцыянавала беларускую мову як «амаль рускую мову, дзе пішуць, як чуюць, і не атрымліваюць за гэта двойкі». Школа прыраўноўвае беларускую мову да рускай і ўкраінскай, кажа пра тое, што яны паходзяць ад агульнай мовы-продка — старажытнарускай мовы. Аб’ява пра курсы беларускай мовы была напісана па-руску.

16 жніўня 2024 г. на сваёй старонцы ў інстаграм турыстка з Расіі абурылася тым, што ў Беларусі ўсе назвы напісаныя па-руску. Яна ўспамінае, што не так даўно беларускія прадпрымальнікі афармлялі свае шыльды па-беларуску, а цяпер — толькі па-руску. Тое ж самае і з назвамі вуліц і геаграфічных аб’ектаў. Жанчына заклікае вяртаць хаця б беларускія назвы.  

29 жніўня 2024 г. былы вязень віцебскай калоніі № 3 Мікалай (імя зменена ў мэтах бяспекі) у інтэрв’ю ПЦ «Вясна» распавёў, што беларускую мову ў калоніі адміністрацыя не ўхваляе. Па словах Мікалая, адзін з супрацоўнікаў рваў карцінкі і тэксты, напісаныя па-беларуску. Рэакцыя супрацоўніка на беларускую гутарку была такой: «Да ты што, звар’яцеў тут па-беларуску размаўляць?» 

30 жніўня 2024 г. праваабаронцы даведаліся, што суд Барысаўскага раёна 26 студзеня 2024 г. унёс у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў відэакліп і тэкст песні «Не быць скотам» гурта «Ляпіс Трубяцкі». Але нюанс у тым, што тэкст гэтай песні — верш класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы «Хто ты гэткі?». Ён быў упершыню апублікаваны 1 лютага 1908 года у газеце «Наша Ніва». Таксама ў спіс дадалі тэксты песень «Не жадаю», «Лукашенко», «Уходи» і іх магчымыя копіі, відэакліпы, выводныя творы, якія змяшчаюць сэнс шукаемага твора.  

3 верасня 2024 г. «Медыязона» заўважыла, што ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі телеграм-чат «Беларускамоўныя». У чаце — 170 чалавек. Правіламі пабліка забараняецца размаўляць на якой-небудзь іншай мове, акрамя беларускай.

8 верасня 2024 г. стала вядома, што ў Нясвіжы беларускамоўныя вулічныя шыльды замянілі на расійскамоўныя. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook праваабаронца Ігар Случак. Таксама Случак піша, што і ў Лунінцы не будуць мяняць расійскамоўныя шыльды з назвамі вуліц на беларускія. Паводле чыноўнікаў, гэта «немэтазгодна» і да таго ж мясцовыя жыхары не супраць.

8 верасня 2024 г. праўладная і прарасійская прапагандыстка Вольга Бондарава выявіла прыкметы «распальвання міжнацыянальнай варожасці» ў падручніку па беларускай літаратуры для пятага класа. На гэты раз яе абурыў абзац пра беларускі выраз «калі ласка», не падобны да расійскага «пожалуйста», але блізкі да ўкраінскага «будь ласка». Яна мяркуе, што аўтары падручніка штучна супрацьпастаўляюць адну родную беларусам мову іншай, спрыяючы распальванню міжнацыянальнай варожасці і сацыяльнай напругі ў грамадстве.

8 верасня 2024 г. былая палітзняволенная папраўчай калоніі №4 г. Гомеля Вольга Такарчук (вызвалілася 16 чэрвеня 2022 г.) у праграме «ТОК» распавяла, што ейным дзецям у беларускай школе гаварылі не купляць дзённікаў на беларускай мове.

17 верасня 2024 г. Ігар Случак паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook аб тым, што беларускім хакеістам ДУ «Хакейны клуб “Брэст”» падчас падрыхтоўкі і правядзення гульняў чэмпіянату Рэспублікі Беларусь забаронена пісаць свае прозвішчы на форме па-беларуску. Прозвішчы павінны быць напісаныя па-руску.

26 верасня 2024 г. былы палітвязень калоніі № 15 г. Магілёва Аляксей Кірэеў (вызваліўся 28 жніўня 2024 г.) расказаў «Радыё Свабода», што ў сакавіку 2024 г. па загадзе кіраўніцтва ў качагарцы калоніі спалілі ўсе экзэмпляры твораў сучасных беларускіх аўтараў, шмат кніг па гісторыі Беларусі, выдадзеных у пачатку 1990-х гадоў. Пры палітзняволеным беларуская паліца ў бібліятэцы была амаль пустая, у ёй засталіся толькі некалькі твораў класікаў беларускай літаратуры.

7 кастрычніка 2024 г. у Валожыне ў подпісах да скульптуры зрабілі грубыя памылкі ў беларускай мове і іўрыце. У таблічцы да скульптуры зробленыя подпісы на чатырох мовах, па парадку: расійскай, беларускай, іўрыце і ангельскай. Аднак зробленыя пры гэтым грубыя памылкі ў дзвюх мовах — беларускай і іўрыце. Замест «скульптурнай групы» па-беларуску напісалі «скульптурны гурт», слова «гурт» ужытае не ў сваім значэнні. А замест слова «рабін» напісалі «раввін». У іўрыце надпіс зроблены злева направа, хоць агульнавядома, што на гэтай мове пішуць справа налева. Таблічка са сціслай гісторыяй Валожынскага ешыбота зробленая выключна на расійскай мове.

8 кастрычніка 2024 г. «Белсат» даведаўся, як у Беларусі змагаюцца з экстрэмісцкай літаратурай. Усё часцей у Беларусі прызнаюць экстрэмісцкімі творы беларускіх аўтараў, падручнікі і кнігі па гісторыі Беларусі. Так, спачатку бібліятэкары склейвалі старонкі з непажаданымі творамі Дуніна-Марцінкевіча, потым дайшло да таго, што «экстрэмісцкія» кнігі прапанавалі паліць, але дзякуючы аргумэнтам бібліятэкараў, было вырашана хаваць іх у асобных памяшканнях і апячатваць. Доступ у гэтае памяшканне мае толькі адказны. Не абыходзіцца і без правакацыяў: сталыя чытачы па загадзе органаў пытаюцца пра экстрэмісцкія кнігі, а бібліятэкары потым нясуць адказнасць за распаўсюд экстрэмісцкай літаратуры.

14 кастрычніка 2024 г. судом Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы прызнана экстрэмісцкім навукова-папулярнае выданне «Ластоўскі В. Выбраныя творы: /Уклад., прадмова і каментарый Я. Янушкевіча. — Мн.:  «Беларускі кнігазбор», 1997, 512 с. Супрацоўнікі Мінінфарма не змаглі напісаць прозвішча Вацлава без памылкі — у іх спісе ён «Ластоускі».

25 кастрычніка 2024 г. выдавец і літаратар Зміцер Вішнёў (кіраўнік ліквідаванага рашэннем Мінінфармацыі выдавецтва «Галіяфы») атрымаў ліст ад Мінінфарма аб тым, што неабходна самастойна правесці рэвізію друкаваных выданняў і выключыць з продажу друкаваныя выданні, распаўсюджанне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Сярод іх нямала гістарычных прац, такіх як кніга геральдыста, аўтара эмблем многіх дзяржорганаў Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры», навуковая манаграфія Святланы Казловай «Аграрная палiтыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941-1944 гг.)», падручнік Анатоля Тараса «Кароткі курс гісторыі Беларусі. IX-XXI». «Экстрэмісцкімі» таксама становяцца і выданні мастацкай літаратуры, напрыклад двухтомны збор твораў беларускага класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, выпушчаны дзяржвыдавецтвам «Мастацкая літаратура». Яшчэ раней былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прадмова Язэпа Янушкевіча да кнігі Дуніна-Марцінкевіча з серыі «Беларускі кнігазбор», а таксама вершы класіка «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда». Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс патрапілі кнігі «Беларускага кнігазбору» — творы Уладзіміра Някляева, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай і Лідзіі Арабей. Па патрабаванні пракуратуры «экстрэмісцкія» выданні прыбіраюць з продажу і адбіраюць з бібліятэк.

30 кастрычніка  2024 г. стала вядома, што сёлета ў Мінску ў 1 клас пайшлі болей за 22 тысячы першакласнікаў. Для іх створаны 860 класаў. Аднак на беларускай мове вучацца першакласнікі 17 класаў. Такім чынам, з 860 адчыненых у Мінску першых класаў беларускамоўныя толькі 17, што складае 1,97%.

31 кастрычніка 2024 г. у эфіры ток-шоу «Да! Но…» на СТБ загадчыца кафедры міжнароднай журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук Таццяна Саладоўнікава выказала сваё меркаванне наконт беларускай мовы. На яе думку, беларуская мова — гэта элітарны прадукт, паказчык інтэлектуальнасці, інтэлігентнасці, перш за ўсё для моладзі, але як любы элітарны прадукт яна мае сваю дастаткова абмежаваную і вузкую мэтавую аўдыторыю. Таксама Саладоўнікава лічыць, што многія блогеры пераходзяць на беларускую мову не дзеля таго, каб яе папулярызаваць, а каб прыцягнуць да сябе ўвагу пры наяўнасці дэфіцыту арыгінальнага кантэнту.

31 кастрычніка 2024 г. у Мінску пачалася II Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы. Ніводнага слова на беларускай мове на фота канферэнцыі не заўважана. Афармленне канферэнцыі было на рускай і ангельскай мовах.

16 лістапада 2024 г. беларус у TikTok распавёў, што аб’ява аб закрыцці адной з крамаў «Остров чистоты» напісаная на рускай, ангельскай і нават кітайскай мовах, але не па-беларуску.

16 лістапада 2024 г. генеральны дырэктар тэлеканала СТБ Аляксандр Асенка ў эфіры «Мінск-Масква», абмяркоўваючы пытанне беларускай мовы, заявіў, што моўная праблема ў Беларусі надуманая, ігнаруючы той факт, што выкарыстанне беларускай мовы ў публічнай сферы стала маркерам для рэпрэсій. На ягоную думку, апазіцыйныя сілы падымаюць моўнае пытанне па адной і той жа метадычцы, спрабуюць пасварыць беларусаў. Абарону беларускай мовы з боку апазіцыі ён лічыць адпрацоўкай атрыманых грантаў. Зноў жа акаўнты, якія абараняюць беларускую мову, ён называе экстрэмісцкімі.

22 лістапада 2024 г. Міністэрства інфармацыі выклала абноўлены «Спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Напярэдадні яго зацвердзіла Рэспубліканская камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі. Міністэрства інфармацыі папярэджвае, што ў выпадку выяўлення фактаў распаўсюду забароненых друкаваных выданняў, уключаных у гэты спіс, яно будзе спыняць ліцэнзіі на продаж кніг. Усяго ў спіс трапілі 35 кніг. У канцы жніўня ў спіс у тым ліку ўключылі тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава (асуджанага 13 верасня 2024 г. па арт. 361-4 КК — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, 30 жніўня 2024 г. прызнаны палітвязнем).

22 лістапада 2024 г. стала вядома, што у г. Гродна робяць сувенірную карту для турыстаў. Яна выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на рускай мове.

1 снежня 2024 г. у дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы ў Мінску павінна была адкрыцца выстава жывапісу Алеся Сушы «Добры вечар добрым людзям!». Мэта выставачнага праекта — прадставіць даўнія звычаі і абрады беларусаў. Аднак пасля даносу прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай, у якім яна абражае мастака, дзяржаўны музей і чапляе адным захадам Міністэрства культуры, выставу беспрычынна адмянілі. Таксама Бондараву не задаволіла тое, што на музеі беларускага пісьменніка і паэта Янкі Купалы няма ніводнай шыльды, напісанай па-руску.

5 снежня 2024 г. стала вядома, што ў Беларусі запускаецца шоу (нацыянальны праект) «Фабрика блогеров». Галоўнай вядучай будзе расійская зорка Вольга Бузава. Дзякуючы расіізацыі ў Беларусі амаль увогуле не існуе беларускай папкультуры, а расійскія зоркі выцясняюць нават расійскамоўных беларускіх музыкаў.

9 снежня 2024 г. стала вядома, што 85% усёй беларускай кніжнай прадукцыі, надрукаванай у дыяспары, была на беларускай мове. За той самы час у Рэспубліцы Беларусь 85% кніг выйшла на расійскай мове.

10 снежня 2024 г. расіянка Эвеліна Азаева, вядомая як прапагандыстка, пісьменніца і расійская нацыяналістка, пабывала на экскурсіі ў Беларусі. У Гродна ў касцёле яе не задаволіла служба на беларускай мове, а таксама яе абурыла тое, што некаторыя беларусы адказвалі ёй па-беларуску.

27 снежня 2024 г. высветлілася, што прапагандыстка Вольга Бондарава звярнулася ў Мінсктранс з патрабаваннем, каб прыпынкі ў транспарце абвяшчалі і на рускай мове. Мінсктранс адмовіў у сувязі з тым, што на  прыпынках транспарт затрымліваецца не больш за хвіліну і ў гэты час складана ўмясціць інфармацыю на дзвюх мовах.

27 снежня 2024 г. стваральніца адзінага праўладнага беларускамоўнага тэлеграм-канала «Верашчака» Зоя Серада напісала, што прыпыняе сваю працу быццам бы таму, што не мае часу на стварэнне кантэнту, але, магчыма, яна не вытрымала ціску з боку прарасійскіх актывістаў. Прарасійскія актывісты хэйцяць канал Серады за прабеларускасць, што яны атаясамліваюць з русафобіяй. Яны таксама абвінавацілі Зою Сераду ў прызнанні тэлеграм-канала «За Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі» экстрэмісцкім. Канал гэты меў выразную антыбеларускую скіраванасць.

29 снежня 2024 г. паплечнік Вольгі Бондаравай і змагар з любымі праявамі беларускасці Юспа М. М. накіраваў у Цэнтрвыбаркам зварот аб тым, каб выбарчыя бюлетэні былі надрукаваныя па-руску.

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой паведаміў, што разглядаецца імавернасць абвесціць 2025-ты Годам беларускай мовы. Але пастанову мусіць прыняць Аляксандр Лукашэнка. Але ў навагоднім звароце 31 снежня 2024 года Аляксандр Лукашэнка абвясціў «Пяцігодку якасці», а 2025 год — «Годам добраўпарадкавання Беларусі».

Мы працягнем пільна сачыць за станам беларускай мовы і рабіць падобныя агляды не радзей як раз на паўгады. Таму калі ў вас ёсць прыклады дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, якія не ўвайшлі ў гэты агляд, калі ласка, дасылайце іх нам на наш адрас — naszamova@gmail.com.