Выдавецтва “Лысы чэрап” анансавала выхад новай кнігі. Гэтым разам гэта таямнічы аўтар Язэп Гніль і ягоны “Псіхараман”. Кнігу можна купіць толькі па папярэдняй падпісцы.
Поўная назва бескампраміснага твору гучыць так — “Псіхараман. Уводзіны ў сучасную культуру (урбаністычна-літаратурны гайд па сучаснасці)”.
“Псіханаўт, камуніст, рэінкарнацыя Янкі Купалы, таямнічы Язэп Гніль выйшаў з самага змрочнага і цёмнага затулку новага беларускага андэграўнду. Нікога не слухае, нічаму не верыць, хоча знішчыць усю культуру і пабудаваць новую. Намагаецца стаць антычалавекам”, — запэўнівае анатацыя да раману.
“Калі мы стваралі выдавецтва, мы патаемна спадзяваліся на штосьці такое, што да нас прыйдуць маладыя людзі, якіх ніхто акрамя нас ніколі бы не выдаў, нават за грошы. Контркультурная моладзь прабівае асфальт, і мы ёй у гэтым дапаможам. Вось з’яўленне той самай шпаны, якая змяце нас з зямнога твару”, — пракаментаваў анонс навінкі адзін з заснавальнікаў выдавецтва “Лысы чэрап” Андрэй Дудко.
У сацсетках для азнаямлення з’явілася некалькі фрагментаў з кнігі.
Новае незалежнае выдавецтва “Лысы чэрап” паўстала з ініцыятывы літаратараў Андрэя Дудко і Паўла Анціпава і выпусціла дзве кнігі — “Каждый охотник” Канстанціна Сцешыка і “Звезда и вор” Канстанціна Чарухіна. Таксама пасля выхаду “Псіхараману” Язэпа Гніля, анансаваны выхад тому канцэптуалісцкіх тэкстаў фатографа Ігара Саўчанкі і зборнік узыходзячай зоркі новага беларускага андэграўнду паэткі Гані Фак’ю.