Даследаванне-фотаальбом пра патоп у Магілёве

Магілёўскі эсэіст, журналіст, пісьменнік Аляксей Бацюкоў выпускае фотаальбом-даследаванне з назвай “Магілёўскае цунамі”. Кніга прысвечаная катастрофе 10 красавіка 1942 году, калі праз абрушэнне дамбы, у Магілёве здарылася паводка на рацэ Дубравенка. Кніга пабачыць свет у выдавецтве “Янушкевіч”.

“Тады загінула ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек, больш за сто дамоў былі разбураныя і затопленыя. Гэтая трагедыя практычна ігнаравалася ў айчыннай гістарыяграфіі ў савецкія часы. Мяркую, таму што яна была нязручнай для афіцыйнай гістарычнай памяці праз адсутнасць перспектыў для ідэалагічнага пафасу. Першыя публікацыі пра патоп 1942 года сталі паяўляцца ў прэсе і навуковых выданнях толькі ў часы незалежнай Беларусі”, — расказаў Bellit.info Аляксей Бацюкоў.

У гэтым выданні сабрана пад адной вокладкай усё тое, што на дадзены момант вядома пра катастрофу — успаміны відавочцаў, вытрымкі з архіўных дакументаў. У выніку працы аўтара ў Дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці была сабраная інфармацыя пра ўсіх людзей, якія сталі ахвярамі альбо пацярпелі ад “цунамі”. Таксама былі падсумаваныя тыя мерапрыемствы, якія ажыццяўляла гарадская ўлада акупаванага Магілёва для кампенсацыі страт людзям, што пацярпелі ад наваднення.

У аснову выдання лёг унікальны ілюстратыўны матэрыял. У кнізе сабраныя ўсе вядомыя на дадзены момант фотаздымкі катастрофы, якія на працягу гадоў шукаў і выкупаў на інтэрнэт-аўкцыёнах вядомы магілёўскі калекцыянер і краязнавец Алег Давід Лісоўскі.

“Асобна адзначу, што ў кнізе публікуюцца ўспаміны відавочцы, якая таксама пацярпела ад паводкі разам з сям’ёй, якія раней нідзе не публікаваліся. У канцы кнігі прыведзеная зводная табліца, у якой сабраныя ўсе вядомыя імёны і адрасы пражывання людзей, якія патрапілі пад удар стыхіі. Усяго атрымалася выявіць у архіўных дакументах каля 380 такіх сем’яў”, — тлумачыць Аляксей Бацюкоў.

Таксама ў выданні прыводзіцца методыку падліку, якая дазваляе, на думку аўтара, наблізіцца да найбольш рэалістычнай ацэнкі колькасці ахвяр катастрофы.