Выдавецтву Gutenberg далі прэмію ў намінацыі “Арт-бізнэс”

Выдавецтва Gutenberg, якім кіруе Валянціна Андрэева, адзначылі прэміяй для бізнэсу беларусаў за мяжой Free Belarus Business Award (FBBA) у намінацыі “Арт-бізнэс”.

Выдавецтва Gutenberg, заснаванае беларусамі ў Польшчы — гэта культурніцкая ініцыятыва, накіраваная на падтрымку беларускай мовы і мастацтва ва ўмовах цэнзуры і рэпрэсій у Беларусі. Gutenberg выдае кнігі і настольныя гульні для ўсіх беларусаў за мяжой і нават імкнецца дастаўляць кнігі ў родную краіну. Таксама з мэтай папулярызацыі нагай культуры выдавецтва выпускае некаторыя настольныя гульні і кнігі на ангельскай мове.

Місія Gutenberg Publisher — гэта падтрымка еўрапейскай ідэнтычнасці беларусаў, абарона правоў чалавека і барацьба з усімі формамі ўціску. Выдавецтва актыўна супрацоўнічае з беларускімі мастакамі, ствараючы прыгожыя і канкурэнтаздольныя кнігі і настольныя гульні, адзначаныя асаблівым знакам “No AI Content Inside”, які гарантуе, што праца выкананая чалавекам без выкарыстання штучнага інтэлекту.

Free Belarus Business Award рэалізуецца Асацыяцыяй беларускага бізнэсу за мяжой пры фінансаванні Еўрапейскага Cаюза.