Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад 5 кастрычніка дэбютнага навукова-фантастычнага рамана ад Арцёма Шуканава. Твор “Пентаквантар” выходзіць адразу ў дзвюх кнігах і ўяўляе сабой жывы і сучасны, тэхнічны і хардкорны прыгодніцкі беларускі посткіберпанк, напісаны чалавекам для людзей.
Кніжны жанр кіберпанку застаўся ў дзевяностых. Усе яго літаратурныя наступствы, якія мы бачым навокал, – гэта развіццё жанру з прыстаўкай “пост”, тлумачаць у выдавецтве. “Пентаквантар” — менавіта такі посткіберпанк-раман, неўтаймаваны і маштабны тэхнатрылер, які ідзе па слядах “Крыптаномікону” і “Лавіны” Ніла Стывенсана, несучы на сэрцы шнары ад “Штама Андрамеда” Майкла Крайтана і “Нэйрамансера” Уільяма Гібсана.
Дзеянне кнігі адбываецца ў будыйскіх святынях спякотнага Лаоса і на дажджлівых неонавых вуліцах Кіёта. З бетонных джунгляў Мінска-3, што на ўсходніх межах Інтэрмарыуму, даводзіцца перамясціцца на Мальдывы, а адтуль, калі гісторыі становіцца цесна на Зямлі, праз Індыйскі акіян —да вялікай кветкі Чырвонай Плюмерыі, ніжняй станцыі касмічнага ліфта, адкуль героі пачнуць сваё самае далёкае падарожжа да планеты Джуніпер.
Перад вамі дэбютны раман Арцёма Шуканава, які задаўся аднойчы пытаннем “А што я зрабіў у свае годы для кіберпанку?” і вырашыў спакусіцца на нешта значнае. Не клапоцячыся пра наступствы, ён распахнуў літаратурныя дзверы нагою, адразу выкаціўшы на суд чытача буйны і эпічны саенс-фікшан раман.
Перадзамовіць “Пентаквантар” можна на сайце выдавецтва або па спасылцы ў профілі. Кніга мае выйсці 5 кастрычніка.