25 лістапада ў Гданьску (Польшча) прадчас цырымоніі ўзнагароджання будзе названа імя лаўрэата прэміі імя Ежы Гедройця 2023. Напярэдадні падзеі пра літаратуру разважае пісьменнік Уладзімір Арлоў, які неаднаразва быў у журы прэміі, а ў 2018-м узяў галоўны прыз, піша “Будзьма беларусамі”.
— З назвы прэміі ці не найперш вынікае ідэя добрасуседства, гуманістычны чыннік… Калі згадаць пачатак Гедройця — канец 2011-га, то відавочны і момант салідарнасці. Як гэта выглядае на практыцы?
Ежы Гедройць — выдатны польскі палітык, публіцыст, рэдактар, нарадзіўся ў Мінску. Ён быў прыхільнікам ідэі, што менавіта культура павінна вызначаць цывілізацыйны рух наперад. Назвай свайго часопіса ў тым ліку падкрэсліваў надзвычай важны момант для сваёй эпохі: палітыка не будзе плённай, калі культура другасная.
І вось тут узнікае думка — а ці хапае культуры ў сённяшняй сітуацыі? Ці дастатковы ўзровень палітычнай культуры ў нашых палітыкаў? Бо палітыка без культуры ператвараецца ў голы, цынічны прагматызм.
Гэта абавязкова згадваецца, як думаеш пра нашу прэмію. Дарэчы, яна пачыналася, калі мы так драматычна перажылі 2010-ы год з сотнямі арыштаваных пасля «перавыбараў», са зняволенымі кандыдатамі ў прэзідэнты, з разгромленымі офісамі грамадскіх арганізацый, дэмакратычных партый, рэдакцый незалежных СМІ…
З боку нашых польскіх партнёраў ідэя прэміі стала жэстам салідарнасці, падтрымкі, клопату пра беларускую культуру, якая ў перспектыве была вельмі важнай для далейшага шляху Беларусі як незалежнай дзяржавы. Таму так бязлітасна цяпер адбываецца ў нашай Айчыне барацьба з беларускай культурай. І менавіта таму так паслядоўна суседзі дапамагаюць нам, нашай літаратуры.
— Якія крылы дае Гедройць аўтарам і кнігам? Першы пераможца Павал Касцюкевіч выказаўся так: «Прэмія разварушвае літаратурнае жыццё і разбурае самога літаратара. І выйсця з гэтага няма». Згодныя?
Дарэчы, Павел быў уганараваны за сваю першую кнігу — рэдкі выпадак, які шмат пра што кажа. Так, згодны: прэмія разварушвае нас, але наконт разбурэння асобаў… Тут несправядлівасць да самога сябе ці, калі хочаце, пэўнае какецтва: якраз тая перамога, як мне ўяўляецца, дала Паўлу ўпэўненасць, натхніла на далейшую літаратурную творчасць — і на свае ўласныя таленавітыя кнігі прозы, і на выдатныя пераклады.
Не прыгадаю прыкладаў знішчэння асобы нашай прэміяй. Яна якраз дае крылы, звяртае ўвагу на аўтара, лаўрэаты трапляюць у поле зроку перакладчыкаў — дарэчы, адно з прызавых месцаў прадугледжвае пераклад кнігі на польскую мову. Прынамсі, так было раней і, спадзяюся, будзе і надалей.
— Апрыёры — журы працуе сумленна. Але гэта яшчэ больш складана, чым у футболе: там суддзям можа дапамагчы паўтор, а тут — не. Цытую яшчэ аднаго пераможцу Гедройця — Віктара Казько: «Не трэба думаць, што прэмія даецца найлепшаму. У наш час большасць адзнак і ўзнагарод — гэта справа тусовачнасці, груповак і выпадковасці». Падзяляеце ці аспрэчваеце такое меркаванне?
Асоба аўтара цытаты такая, што якраз пра нейкія тусоўкі менавіта яму гаварыць не выпадае. Не ведаю, ці належаў Віктар Казько да якойсьці літаратурнай групоўкі, больш верагодна, што ў яго выпадку гаворка можа ісці хіба пра нейкую кагорту мэтраў. А яны на час атрымання Віктарам Казько прэміі Гедройця працягвалі сваё літаратурнае жыццё пераважна не ў нейкіх хаўрусах, а толькі ў сваіх жа кнігах і аніяк не маглі паўплываць на рашэнне журы.
Але я, безумоўна, магу пагадзіцца, што шмат узнагарод у літаратуры не заўсёды ёсць вынікам аб’ектыўнай ацэнкі маштабу творцы ці твору. Мяне даўно, напрыклад, здзіўляюць некаторыя пастановы Нобелеўскага камітэта. Мару штогод пра лаўрэацтва Мілана Кундэры, альбо марыў калісьці, што ўрэшце ўганаруюць майго улюбёнага Борхеса… Аднак часам перавага аддавалася, як па мне, даволі выпадковым кандыдатам. На гэты выбар, відаць, уплывалі не столькі літаратурна-эстэтычныя крытэрыі, як меркаванні зусім іншага кшталту.
Што да элемента выпадковасці. Яго таксама ніколі нельга выключыць, у тым ліку і ў дачыненні прэміі Гедройця. Так, менавіта нейкая выпадковасць у свой час перашкодзіла лаўрэацтву Валянціна Акудовіча, які ў тым годзе быў маім фаварытам.
— Прэмія важней для аўтараў з ужо заваяванай славай ці для тых, хто яе яшчэ шукае? Вось цытата з інтэрв’ю яшчэ аднаго пераможцы, Макса Шчура: «Я наіўна быў спачатку вельмі натхнёны, а потым вельмі расчараваны. Для прыкладу магу вам сказаць, што на працягу году мне паступіла роўна адна прапанова аб выданні кнігі».
Ведаючы Макса, не думаю, што ён быў настолькі наіўны, каб чакаць снегападу прапаноў. Зрэшты, адна цягам года сур’ёзная прапанова выдаць кнігу таксама зусім нядрэнна.
Але пры ўсім тым, можа і сапраўды варта перавыдаваць бліжэйшым часам кнігу-пераможцу большым накладам — пашырыць чытацкую аўдыторыю. Тут са Шчурам можна пагадзіцца.
І вось мая прапанова арганізатарам: варта знаходзіць такую магчымасць, прычым для ўсіх трох лаўрэатаў. Але Макс, магчыма, меў на ўвазе выданне свайго твору на іншых мовах.
Тады варта зазначыць: уганараваныя Гедройцям кніжкі, як правіла, раней ці пазней прыцягваюць увагу перакладчыкаў.Так, можам казаць пра поспех Святланы Курс, кніга якой нядаўна выйшла па-нямецку. На польскай надрукаваны «След матылька» Аляксандра Лукашука. Перакладаліся на нямецкую, ангельскую і польскую мовы творы Альгерда Бахарэвіча.
На жаль, ён пакуль што ніколі не быў уганараваны за найлепшую кнігу — звычайна атрымліваў другое месца… Затое можна казаць пра ягоны безумоўны поспех за мяжой. І ў гэтым сваю ролю адыграла таксама і прэмія Гедройця.
Прыцягненне ўвагі да лаўрэатаў часам адбываецца не адразу: вось я з прыемнасцю даведаўся, што перакладзеныя на польскую мову і ў новым годзе павінны з’явіцца мае «Танцы над горадам».
— А як прэмія ўплывае на папулярызацыю беларускіх кніг і аўтараў на Бацькаўшчыне?
Рытарычнае пытанне: безумоўна, уплыў станоўчы. Іншая рэч, цяпер маем у Беларусі такую сітуацыю, што яна наўпрост уплывае на спіс намінантаў — з прычыны бяспекі там можа не быць часткі годных твораў і аўтараў. Тое ўжо адбілася на іншых незалежных літаратурных прэміях.
Тым не менш чакаю, што журы сёлетняга Гедройця зробіць годны выбар і пазбегне раней згаданых тусовачнасці і выпадковасці.