Школа маладога пісьменніка абвяшчае новы набор!

Школа працуе як нефармальны адукацыйны праект для маладых літаратараў. На практычных занятках з пастаяннымі выкладчыкамі, лекцыях і майстар-класах запрошаных навукоўцаў і аўтараў маладыя, апантаныя літаратурай людзі вучацца чытаць, пісаць, а таксама слухаць сябе ды іншых.

Сёлетнія выкладчыкі школы – Ульяна Верына, Віктар Жыбуль, Марына Казлоўская, Андрэй Хадановіч — літаратары, педагогі, даследчыкі і навукоўцы са шматгадовым вопытам творчай працы. Яны дадуць вам асновы тэорыі прозы, паэзіі і паэтычнага перакладу; методыка выкладання ставіць акцэнт на камунікацыі і ўзаемным абмеркаванні вашых тэкстаў з калегамі. Акрамя асноўнага курсу, навучэнцаў чакаюць майстар-класы і спецкурсы ад беларускіх літаратараў.

Навучанне ў ШМП працягваецца з лістапада 2023 г. па травень 2024 г., заняткі будуць праходзіць па суботах. Навучанне – бясплатнае, дыстанцыйнае, вочнае – on-line сустрэчы. Таму краіна вашага пражывання не стане перашкодай – пішыце нам!

Правілы афармлення заяўкі

Пажаданы ўзрост удзельнікаў і ўдзельніц – да 35 гадоў.
Заяўка павіннa ўключаць:
1) уласны мастацкі твор любога жанру (паэзія, проза, эсэ), альбо фрагмент твора, на беларускай альбо рускай мове аб’ёмам 2-5 старонак;
2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце паступіць у Школу маладога пісьменніка;
3) спіс з 5-10 кніг, якія на вас паўплывалі найбольш.

Вашыя ўзоры твораў, матывацыйны ліст і спіс кніг дасылайце на паштовую скрыню bellit.info@gmail.com разам адным файлам у фармаце .doc (.docx).
Тэма электроннага ліста: Школа 2023-2024
На першай старонцы файла абавязкова пазначце сваё імя і прозвішча, дату нараджэння, e-mail і найлепшы спосаб сувязі.
Файл назавіце лацінкай наступным чынам ― “вашае прозвішча, ніжняе падкрэсліванне, вашае імя”, напрыклад: Kupala_Janka.doc

Заяўкі не рэцэнзуюцца. Прыём паводле конкурсу, колькасць месцаў абмежаваная, адбор прэтэндэнтаў адбываецца паводле матывацыйных лістоў і ўзору твораў. Пра вынікі прыёмнай кампаніі будзе паведамлена ў паштовай рассылцы на адрасы, пададзеныя ў заяўках.
Дэдлайн дасылкі заявак – 28 кастрычніка 2023 г. Падвядзенне вынікаў – пачатак лістапада 2023 г.
Залічаныя на курс Школы атрымаюць лісты з падцверджаннем залічэння на e-mail.

Поспехаў!