Падкаст “Малус” шукае патронаў, каб рабіць трэці сезон

Праект “Малус” стаў вынікам пошуку новых фарматаў для сучаснай беларускай літаратуры, выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій і спалучэння розных галін мастацтва. Усё гэта ўвасобілася ў ідэі адмысловага падкаста.

Малус — гэта беларускі падкаст з цікавымі мастацкімі гісторыямі ў фармаце пастановак, якія агучваюць прафесійныя беларускія акторы. Кожны выпуск — асобная гісторыя.

Праект паўстаў у пачатку 2022 года і за гэты час ужо было створана 36 выпускаў, якія агучылі акторы акторы-купалаўцы. Сярод іх: Алег Гарбуз, Міхась Зуй, Крысціна Дробыш, Сяргей Чуб і Андрэй Дробыш.

Паводле задумы арганізатараў праекту, гэты падкаст таксама з’яўляецца добрым варыянтам для тых, хто хоча мець доступ да беларускай культуры, нягледзячы на вымушаную эміграцыю як творцаў, так і іх аўдыторыі, ды насуперак знішчэнню літаратурнай інфраструктуры ў самой Беларусі (закрыццё незалежных выдавецтваў, прэмій, крамаў, пераслед творцаў, выдаўцоў і інш.).

Цяпер рыхтуюцца новыя выпускі для трэцяга сезона. З гэтай нагоды арганізатары праекта шукаюць патронаў, якія б маглі падтрымаць добрую культурніцкую ініцыятыву.

Слухаць падкаст “Малус” можна на любой з папулярных пляцовак, спасылкі сабраныя тут. Там жа можна знайсці лінк на патрэон і падтрымаць 3 сезон праекту.