Беластоцкі Фонд “Камунікат”, які з нядаўняга часу актыўна заняўся выдавецкай дзейнасцю, выпусціў новую кнігу — зборнік вершаў Валянціны Аксак “Уцёкі з Палесся”.
“Новая кніга Валянціны Аксак нараджаецца на пакутных шляхах змушанай блуканкі. Асабісты боль выгнанніцы са свайго дому шматкроць узмацняецца трагедыяй зняволеных і закатаваных у вязніцах на радзіме. Захопніцкая вайна за яе паўднёвымі межамі не пакідае аўтарцы ні каліва спадзеву на шчаснае вяртанне. І ўсё ж лейтматывам кнігі ёсць загад паэткі самой сабе: жыць навырост!”, — расказвае выдавецтва пра навінку, якую можна набыць на сайце Kamunikat.
Валянціна Аксак нарадзілася ў вёсцы Смалічы, што на Нясвіжчыне. Жыве ў Менску. Мае гістарычную адукацыю, працавала журналісткай. Аўтарка кніг паэзіі «Цвінтар», «Капліца», «Антычны дождж», «Віно з Каліфорніі», «Ружоўніца», «Дзікая сліва», «Завінены рай», «Кава ў арліным гняздзе», «Трэці Эдэм».