Учора ў Віленскім музеі імя Івана Луцкевіча прайшоў “Дзень літаратуры” у межах Тыдня беларускай культуры, зладжанага віленскай дыяспарай. У Літву завіталі нячастыя госці: паэты Наста Кудасава і Віталь Рыжкоў, якія цяпер жывуць у Польшчы.
Віталь і Наста заладзілі своеасаблівы паэтычны дыялог, прачыталі як “неўміручую класіку 2010-х”, так і даволі новыя тэксты. Таксама на імпрэзе выступіў вядомы літоўскі паэт Антанас Ёнінас, які чытаў уласныя пераклады з Насты Кудасавай, нядаўна надрукаваныя ў альманаху “Poezijos pavasaris”. Гучалі і пераклады на дацкую мову.
Пасля выступаў быў абвешчаны вольны мікрафон, якім вельмі дарэчна скарысталіся мясцовыя паэты эміграцыі. У краме музея можна было набыць новыя кнігі Насты Кудасавай, таму пасля заканчэння чытанняў не абышлося без аўтограф-сесіі.