Ганна Янкута піша пра “беларускую” Лацінскую Амерыку і Карласа Шэрмана

Пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута выправілася ў падарожжа па Лацінскай Амерыцы на пошукі беларускіх слядоў. У сваім эсэ для сайта “Будзьма беларусамі” Ганна Янкута апісвае вандроўку па Мантэвідэа — горадзе дзяцінства беларуска-іспанскага перакладчыка, пісьменніка, заснавальніка Беларускага ПЭН-цэнтра Карласа Шэрмана.

Ганна Янкута. Фота: hrodna.life

РАКА

Я іду па ўзбярэжнай Ла-Платы ў Мантэвідэа. Яна пачынаецца ад порта і цягнецца дваццаць кіламетраў на ўсход, у бок Атлантычнага акіяна. Цяпер тут ранняя вясна, пахмурна, людзей няшмат. Толькі рэдкія прахожыя і бегуны, а яшчэ — рыбакі, іх больш, чым першых і другіх, разам узятых. Ловяць пераважна на крэветак — чапляюць кавалачкі на кручок і закідваюць далёка ў ваду, а панцыры застаюцца ляжаць на ходніках. Там, дзе рыбакоў ужо няма, заўважаю ў вадзе чараду рыб. Яны паводзяцца як марскія — рухаюцца клінам, скаардынавана, утвараючы аб’ёмныя і зменлівыя формы, — хаця фармальна Ла-Плата лічыцца ракой. У акіян яна ўпадае за сто трыццаць кіламетраў адсюль. Вада — серабрыстая, з карычняватым адценнем, Ла-Плата ў перакладзе з іспанскай і ёсць «срэбра», Río de la Plata, срэбная рака. Але сапраўды срэбнай яна робіцца толькі тут, у ваколіцах уругвайскай сталіцы. Вышэй па цячэнні срэбра яшчэ растворанае ў глеі, які нясуць з сабой воды рэк Уругвай і Парана — у месцы іх зліцця Ла-Плата і пачынаецца.

Адміністрацыя горада папрацавала над тым, каб шпацыр па ўзбярэжнай быў шпацырам углыб гісторыі. На праменадзе ўсталяваныя таблічкі, якія расказваюць пра этапы фармавання Зямлі. Яны з’явіліся тут у 2015 годзе, гэта праект «Стужка часу і жыцця». «Шэсцьдзясят пяць мільёнаў гадоў таму вымерлі дыназаўры», — паведамляе першая таблічка. Кожны крок — гэта скачок у часе. Сто, сто трыццаць, сто пяцьдзясят мільёнаў гадоў таму.

Хмары ў небе згушчаюцца, цяпер яны як шчыльная заслона, уся ў мяккіх складках — такімі самымі вецер зыбіць водную паверхню. Колер вады пакрысе змяняецца, у ім ужо ні намёку на каштоўны метал: неба і тое, што пад ім, аднаго адцення — бураватай буры, каламутнай і бруднай. Мне здаецца, што мне на галаву вось-вось абрынецца залева, я бачу ля далягляду яе касыя лініі, але на беразе яшчэ пануе напружанае чаканне. Трывожная цішыня, якую час ад часу перарываюць незвычайныя гукі: нехта быццам кідае ў ваду каменьчыкі. «Плюсь-плюсь», — чую я, але не магу зразумець, што гэта, пакуль не заўважаю на ходніку градзіну памерам з перапялінае яйка. Яны падаюць метэарытамі, мора глытае іх як вітаміны, а ў адказ выдае лёгкае прыцмокванне і яшчэ ні разу не падавілася.

«А што, калі па галаве?» — думаю я і застываю на месцы, чакаю, калі неба пацэліць у мяне. Але градзіны ўжо меншаюць, цяпер яны не большыя за гузікі, гарошыны, яблычныя зярняты — і вось урэшце зусім раствараюцца, ператвараюцца ў кроплі. Па вадзе бяжыць ціхае шалахценне, дождж падае на галаву, накрывае з галавой. Навокал намакае ўсё, што можа намокнуць, — і ў свеце робіцца зноў спакойна.

Пасля адцінка ў сто пяцьдзясят мільёнаў гадоў «Стужка часу і жыцця» перарываецца: некалькі таблічак запар адсутнічае. Відаць, нехта скраў, з цікавасці да гісторыі ці каб зацерці сляды. Затым летапіс узнаўляецца («Трыста шэсцьдзясят мільёнаў гадоў таму з’явіліся насенныя расліны») — але толькі для таго, каб неўзабаве перарвацца зноў. Разрывы ў часе непазбежныя.

Прахожыя і бегуны знікаюць, а вось рыбакоў не турбуе ні град, ні дождж. Здаецца, яны нават не заўважылі, што нешта ў навакольным свеце змянілася. А калі і заўважылі, то не звярнулі ўвагі. Паплаўкі ўсё гэтак жа пагойдваюцца на воднай гладзі, на ходніках ляжаць размоклыя панцыры крэветак. Мяне таксама нікуды не змыла, я іду пад парасонам далей, уздоўж бясконцай узбярэжнай. У Мантэвідэа я ўсяго на тры з паловай дні, і надвор’е не зменіць мае планы. Я прыехала сюды паглядзець Уругвай, адну з краін у маім лацінаамерыканскім падарожжы, — але яшчэ знайсці тут беларускія сляды. І я ведаю, дзе іх шукаць: у 1934 годзе ў Мантэвідэа нарадзіўся Карлас Шэрман

Чытаць цалкам тут: першая частка і другая частка.