Эсэ Насты Манцэвіч і пераклады Алок Вайд-Мэнан — пад адной вокладкай

У выдавецтве “Пфляўмбаўм” выйшла новая кніга — “Цела таксама архіў” аўтарства беларускай літаратаркі Насты Манцэвіч і Алок Вайд-Мэнан (ЗША). У кнізе праз літаратурнае выказванне адбываецца пошук (патрабаванне) свайго месца, свабоды для слова (тэксту) і цела.

Кніга складаецца з перакладаў вершаў Алок Вайд-Мэнан (ЗША) са зборніка Femme in Public (2017), якія пераклала на беларускую мову Наста Манцэвіч, а таксама з эсэ самой Насты, напісаных на працягу 2019–2023 гадоў.

Дызайн вокладкі Кацярыны Пікірэні паводле шаблона Настассі Вішняковай.

“Сталеючы ў маленькім беларускім горадзе, я не бачыла свайго адбітка ні ў цёплых вокнах яго дамоў, ні ў лужынах яго вышчарбленых вулак. І таму, калі вырасла і пераехала ў большы горад, пры дапамозе словаў пачала ствараць сусветы, прасторы, прыстанкі, дзе б магла з’явіцца я — …-падлетак, для чыйго досведу не было мовы. Пазней тыя, хто не пазналі сябе ў гэтых тэкстах, адрэагавалі гневам, ярасцю. Раптам мы памяняліся месцамі, і яны адчулі тое, што адчувала я ўвесь гэты час, не знаходзячы адлюстравання ў вачах Іншага — такая змена дыспазіцыі пужае і абурае, трэба вярнуць усё на свае месцы, назваць ненармальным тое, што не можаш сабе забраць. Калі не бачыш свайго адлюстравання ў вадзе ці люстэрку, слядоў пад сваімі нагамі, першая эмоцыя — гэта жах: ці ты сапраўдная, ці ты існуеш, ці з табой усё ў парадку? І, каб не адчуваць спапяляльнага сораму, трэба сцерці тое, чым не можаш завалодаць. Гукі і сцэны, якія нельга прысвоіць, выклікаюць жаданне іх знішчыць, — пра гэта я ўжо пазней дазналася”.

Наста Манцэвіч

Кніга ўжо даступная ў Вільні і Лондане, у тым ліку з дастаўкай поштай па ўсім свеце. Падрабязней тут.