7 верасня а 18.30 адбудзецца сустрэча з паэтамі Настай Кудасавай і Віталём Рыжковым. Паэтычныя чытанні пройдуць у межах Тыдня беларускай культуры, які ладзіцца Цэнтрам беларускай культуры і супольнасці і Віленскім беларускім музеем імя І. Луцкевіча (Vilniaus g., 20.
“Пагутарым пра паэзію, пра творчасць, пра кнігі, пачытаем вершы, пагутарым пра ўсё, што турбуе. Жывая сустрэча з сучаснымі беларускімі паэтамі. Па сустрэчы для ўсіх ахвочых будзе адкрыты вольны мікрафон. Можна падзяліцца з аўдыторыяй сваімі вершаванымі і празаічнымі творамі ці ўзяць слова і пагутарыць пра тое, што баліць” — анансуюць “Дзень літаратуры” арганізатары.
Наста Кудасава: беларуская паэтэса. У перыядычных выданнях вершы друкуюцца з 1999 г. («Наша Ніва», «Літаратурная Беларусь», «Дзеяслоў», «Маладосць», «Верасень» і інш.). Аўтар кніг паэзіі «Лісце маіх рук» (Логвінаў, 2006), «Рыбы» (2013), «Маё невымаўля» (2016), «Вясна. Вуснам цесна» (2021). З’яўляецца ўдзельнікам альманахаў «Скрыпторый», «Літаратурны квартал», зборніку паэзіі «Яна і я», удзельнік праекту «Начная чытанка» (2007) і розных паэтычных фестываляў.
Творы перакладзены на рускую, украінскую, англійскую, польскую, чэшскую і балгарскую мовы.
Віталь Рыжкоў: беларускі паэт, перакладчык. Аўтар кнігі вершаў «Дзверы, замкнёныя на ключы» (2010). Перавыдавалася ў калекцыі «Профілі» ва ўкраінскім выдавецтве «Крок» (Тэрнопаль) у 2014 годзе. Лаўрэат прэміі «Дэбют» імя М.Багдановіча (2011) за найлепшую дэбютную кнігу, прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў» у 2008-м і ў 2015 гадах. Фіналіст конкурсаў беларускага ПЭН-цэнтра да стагоддзя газеты «Наша Ніва» (Мінск, 2007), імя Карласа Шэрмана (Мінск, 2009), «Пластылінавы бусел» (2005). Пераможца паэтычных слэмаў у Беларусі і Украіне.
Вершы перакладзеныя на англійскую, украінскую, рускую, польскую, чэшскую, шведскую, нямецкую, італьянскую, літоўскую, грузінскую і грэцкую мовы.