Зарэчны Цімох (сапр. Цімох Рублёў; 1910, в. Будзіна, цяпер Чавускі р-н Магілёўскай вобл. — 1944?). Празаік, публіцыст, перакладчык.
Закончыў Мінскі вышэйшы педагагічны інстытут (1928). У 1930-я гг. працаваў у газеце “Савецкая Беларусь”, на радыё, у Інстытуце школьнай педагогікі, настаўнічаў. Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў на Нясвіжчыне, друкаваўся ў “Беларускай газэце”. Паводле аднаго з сведчанняў, у час вайны з’ехаў у Польшчу пад прозвішчам Лукашэвіч, пасля чаго знік без вестак. Паводле іншай інфармацыі, загінуў у 1944 г. у Гарадзеі (Нясвіжскі раён Мінскай вобласці) падчас бамбёжкі.
Дата смерці і месца пахавання невядомыя.
Аўтар зборнікаў прозы “Узбунтаваная зямля” (Менск, 1930), “Сустрэчы” (Менск, 1930), “Маладосць” (Менск, 1931), “Пажары” (Менск, 1932), “Руднянскі пастушок” (Менск, 1941), нарыса “Паэма пра геройства” (Менск, 1932). Пераклаў на беларускую мову раманы “Першыя людзі на Месяцы” (Менск, 1931) і “Дон Кіхот” М. Сервантэса (Менск, 1935), аповесць “Іншакраінны легіён” Віктара Фінка (Менск, 1936).