Бяганская Ядвіга Іосіфаўна (29.2.1908, Улан-Удэ, Бурація, Расія — 3.4.1992, Мінск). Празаік, паэтка, перакладчыца. Вязень ГУЛАГу. Сябра СП з 1957 г.
Нарадзілася ў сям’і чыгуначніка. У 1922 г. з бацькамі вярнулася ў Беларусь. У 1924 г. аселі на жыхарства ў Менску. Скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). Працавала выкладчыцай рускай і беларускай мовы і літаратуры ў школах Менска. У лістападзе 1937 г. была арыштавана, асуджана на 10 год зняволення, адбывала тэрмін у калымскіх лагерах, дзе працавала на цяжкіх работах да дня свайго вызвалення. У лістападзе 1947 г. атрымала дазвол жыць на Гомельшчыне. Толькі пасля рэабілітацыі (1954) змагла вярнуцца ў Мінск. У 1956—1964 гг. працавала старшым рэдактарам перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1957 г. Узнагароджана медалямі.
Пахаваная на Паўночных могілках Мінска.
У друку дэбютавала вершамі ў 1926 г. (часопіс “Малады араты”). Напісала для дзяцей кнігі аповесцей, апавяданняў “Далеко на Севере” (Магадан, 1954), “Жэнеў галубок” (Мінск, 1958), “Сустрэча з морам” (Мінск, 1962), “Зосіна зорачка” (Мінск, 1965), “Кожны марыць стаць Калумбам” (Мінск, 1968), “Над ракой Шушай” (Мінск, 1977), “Нечаканая сустрэча” (Мінск, 1980), “Сланечнікі” (Мінск, 1980) “Ля самага сіняга мора” (Мінск, 1982), “Сонцу і ветру насустрач” (Мінск, 1988). Працавала ў галіне перакладу з польскай і славацкай моў на беларускую. З польскай пераклала аповесці Б.Ясенскага, Я.Корчака, Г.Бахляровай, А.Богдая, Э.Ажэшкі, Г.Паўшар-Кляноўскай і інш. Са славацкай — раманы М.Крно, У.Мінача, К.Ярунковай, Я.Грушоўскага і інш.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 436).