Бандарына Зінаіда

Бандарына Зінаіда Аляксандраўна (10.11.1909, Гродна — 16.4.1959, Мінск). Паэтка. Сябра СП з 1957 г.

Скончыла Менскі беларускі педагагічны тэхнікум (1927), літаратурна-сцэнарны факультэт Інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1933), аспірантуру пры Дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе (1937). У 1927—1928 гг. настаўнічала ў беларускай школе для перасяленцаў у сібірскім пасёлку Медзякова, у 1928—1929 гг. загадвала аддзелам літаратуры ў газеце “Палеская праўда” (Гомель), у 1933—1934 гг. — сцэнарным аддзяленнем у Віцебскім кінатэхнікуме. Пазней працавала ў тэатрах і на кінастудыях Масквы, Архангельска, Горкага. У час Вялікай Айчыннай вайны служыла санінструктарам у дывізіі Панфілава. У пасляваенныя гады была супрацоўніцай часопіса «Бярозка» і карэспандэнтам Беларускага радыё. У 1946—1948 гг. дырэктар Дома народнай творчасці ў Гродна. У 1948—1950 гг. загадвала філіялам музея Янкі Купалы ў Вязынцы. У 1950—1956 гг. працавала ў газетах “Зорька”, “Літаратура і мастацтва”. Сябра СП СССР з 1957 г.

Пахаваная на Усходніх могілках Мінска.

Літаратурную дзейнасць пачала ў 1926 г. Выйшлі зборнікі паэзіі “Вершы” (разам з Н.Вішнеўскай і Я.Пфляўмбаўм, Мінск, 1926), “Веснацвет” (Мінск, 1931), “Да новага заўтра” (Мінск, 2023). Выступала і ў жанры прозы. На рускай мове выдала аповесць “Галина Ильина” (Мінск, 1959), на беларускай — аповесць пра дзіцячыя і юнацкія гады Янкі Купалы “Ой, рана на Івана…” (Мінск, 1956, 1961, 1979; па-руску: Москва, 1962; па-ўкраінску: Киів, 1960, 1982), зборнік апавяданняў для дзяцей “Лясныя госці” (Мінск, 1960).

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 75).