Аркуш Алесь (сапр. Козік, нар. 28.5.1960, Жодзіна, Мінская вобл.). Паэт, празаік, эсэіст, выдавец, журналіст.
Скончыў Жодзінскі політэхнічны тэхнікум, Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Ад 1987 г. жыў у Полацку. Уваходзіў у літаратурнае таварыства “Тутэйшыя”. З 1989 г. выдаваў літаратурны альманах “Ксэракс Беларускі”. У 1993 г. стварыў Таварыства Вольных Літаратараў і выдавецкую суполку “Полацкае ляда”. Выдавец і галоўны рэдактар літаратурнага альманаха ”Калосьсе”. Старшыня арганізацыйнага камітэта літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.
Піша вершы, прозу, эсэ, крытычныя артыкулы. Аўтар зборнікаў паэзіі “Вяртанне” (Мінск, 1988), “Тайніца” (Полацак, 1991), “Крылы ператворацца ў карэньні” (Полацак, 1993), “Разьвітаньне з Танталам” (Полацак, 1994), “Выбранае: вершы і паэма, 1988—1998” (Гродна—Полацк, 1999), “Проста ў сярэдзіну” (Вільнюс, 2001), “Прывід вясны” (Мінск, 2003), “Адзнакі памежніка часу” (Полацак, 2012), “Песні ля Замкавай гары” (Полацак, 2015), “Возера Вялікае” (Полацк, 2018), , зборнікаў эсэістыкі “Выпрабаваньне развоем” (Полацк, 2000), “Аскепкі вялікага малюнку” (Мінск, 2007), “Брызгалаўка” (разам з Барысам Козікам, Мінск, 2009), раманаў “Палімпсест” (Мінск, 2012), “Мясцовы час” (Полацк, 2014), “Захоп Беларусі марсіянамі” (Полацк, 2016), “Сядзіба” (Полацак, 2017), “Спадчына” (Полацк, 2018). Аўтар тэксту гімна горада Полацка і песень гуртоў “Мясцовы час”, “RIMA”. Друкуецца ў беларускіх і польскіх перыёдыках.