Выйшла манаграфія пра род армянскіх ткачоў, якія стварылі “слуцкія паясы”

Фонд развіцця і падтрымкі армяназнаўчых даследаванняў “АНІВ” разам з Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі выдаў манаграфію “Маджарскія: армянскі род у гісторыі Беларусі”. Кніга апавядае пра гісторыю роду армянскіх майстроў-ткачоў Маджарскіх, якія сталі стваральнікамі знакамітых “слуцкіх паясоў”.

Праца над кнігай пачалася яшчэ ў 2018 годзе. Акрамя ўласна гісторыі роду Маджарскіх даследуецца гісторыя стварэння і развіцця фабрыкі-персіярні ў Слуцку.

У дадатку да манаграфіі публікуецца шэраг дакументаў: даведкі, інвентары маёнткаў, кантракты, пастановы шляхецкіх сходаў, выпіскі метрык, прыватныя лісты Яна і Лявона Маджарскіх Радзівілам, а таксама ўнікальныя справавыя нататкі бацькі і сына Маджарскіх, зробленыя на польскай мове, але армянскімі літарамі.

Кніга мае больш за сотню невядомых ці малавядомых ілюстратыўных матэрыялаў, якія былі знойдзеныя ў архівах і музеях Беларусі, Польшчы, Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Літвы, Украіны, Вялікабрытаніі, Расеі і ў прыватных калекцыях.

Гісторыя роду Маджарскіх гэта выдатны прыклад беларуска-армянскіх культурных сувязяў у XVIII ст. Прадстаўнікі роду доўга захоўвалі сваю армянскую ідэнтычнасць, але пры гэтым здолелі інтэгравацца ў мясцовую шляхецкую супольнасць Случчыны і Наваградчыны.

Невялікія фрагменты для азнаямлення з кнігай даступныя па спасылцы.

Манаграфія ўжо прадаецца ў Мінску ў краме “Клякса” (вул. Ульянаўская, 31) і ў “Акадэмічнай кнізе” (пр-т Незалежнасці, 72), а таксама ў Ерэване ў кнігарні “Наіры” (вул. Коруна, 8)