У Салігорску знішчылі вітраж з Францыскам Скарынам

У Салігорску ў школе №3 знішчылі вітраж з Францыскам Скарынам, піша суполка Belarusian Soviet Monumental Art, якая збірае інфармацыю пра манументальнае мастацтва часоў БССР.

У Беларусі часам праводзіліся работы па захаванні манументальнага мастацтва, напрыклад, візітныя карткі Менску — мазаікі Кішчанкі і яго вучняў у мікрараёне “Усход” і гасцініцы “Турыст” ужо абнаўляліся і рэстаўраваліся, але гэта масіўныя і маштабныя работы, вельмі вядомыя не толькі ў Беларусі. Іхны статус культурнай і гістарычнай спадчыны забяспечыў ім захаванасць.

Але так здараецца не часта ў выпадку менш вядомых, але не менш цікавых узораў манументальнага мастацва. Важным момантам у выпадку з манументальнай савецкай спадчынай з’яўляецца тое, што працы не павінны быць забытыя, іх трэба каталагізаваць, правяраць, маніторыць, каб у патрэбны момант паспрабаваць не дапусціць знішчэння, мяркуюць даследчыкі манументальнага мастацтва.