У Беларусі стала менш на адзін літаратурны фестываль

У літаратурных колах Берасцейшчыны абмяркоўваецца навіна, што літаратурна-песенны фестываль у Белаазёрску “Бабіна лета з Нінай Мацяш”, які штогод збіраў прыхільнікаў творчасці паэткі з усёй Беларусі, а таксама творцаў-сяброў Ніны Язэпаўны, больш праводзіцца не будзе.

Фестываль быў заснаваны ў 2010 годзе і традыцыйна праходзіў у Доме культуры Белаазёрска, з удзелам мясцовых уладаў, прадстаўнікоў школ і бібліятэк горада. На паэтычныя чытанні штогод адмыслова прыязджалі літаратары з Берасця і раённых цэнтраў вобласці, а таксама паэты і перакладчыкі з Мінска, Гродна. На “Бабіным леце” выступалі Раіса Баравікова, Анатоль Вярцінскі, Алесь Каско, Алесь Разанаў, Міхась Скобла і дзясяткі іншых паэтаў і пісьменнікаў.

“Бабіна лета з Нінай Мацяш” традыцыйна праводзілася ў дзень яе нараджэння, 20 верасня. Сёлета паэтка святкавала б сваё 80-годдзе.

Ніна Мацяш (20 верасня 1943, в. Нівы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 19 снежня 2008, Белаазёрск) – паэтка, перакладчыца. Нарадзілася ў сялянскай сям’і. Скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу (1960), паступіла на факультэт французскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. З-за хваробы вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак (скончыла інстытут у 1966).Аўтарка зборнікаў паэзіі «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (вершы і паэма, 1973), «Ралля суровая» (вершы і пераклады, 1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Паварот на лета» (выбранае, 1986), «Шчаслівай долю назаві» (1990) і казак «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982).

Перакладала з нямецкай, польскай, французскай. У яе перакладзе выйшлі кніжкі Жоржа Сіменона «Першая справа Мегрэ» (1982), Антуана дэ Сент-Экзюперы «Планета людзей» (1984) і «Маленькі прынц» (1989), навелы Гі дэ Мапасана (1987), паэма «Маруся Чурай» Ліны Кастэнка (1989).