Іменем Мар’яна Дуксы назвалі школу ў Солах на Смаргоншчыне

Сольская сярэдняя школа ў Смаргонскім раёне, цяпер будзе насіць імя паэта Мар’яна Дуксы (1943-2019). На ўрачыстай лінейцы, падчас якой дырэктару школы перадалі адпаведнае пасведчанне, была жонка і сваякі паэта.

Мар’ян Дукса з сям’ёй усё жыццё пражыў у вёсцы Солы. Каля 20 гадоў ён адпрацаваў у мясцовай школе настаўнікам. Стаў ганаровым грамадзянінам Смаргоні.

Мар’ян Дукса нарадзіўся ў вёсцы Каракулічы Мядзельскага раёна ў сялянскай сям’і. Рана страціў бацьку. У 1958 – 1960 гадах вучыўся ў Свірскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі, потым працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады, адначасова вучыўся завочна ў сярэдняй школе. У 1969 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і пачаў працаваць настаўнікам Сольскай сярэдняй школы (1969-1987). Друкаваўся з 1960 года.

Выдаў паэтычныя зборнікі «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989). Аўтар кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980) і «Світаюць сосны» (1987) і іншыя. Быў лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1990) за кнігу паэзіі “Заснежаныя ягады” (1989) і Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2016).