29 жніўня 1923 года, 100 гадоў таму, у вёсцы Бандары на Падляшшы нарадзіўся будучы літаратуразнаўца і перакладчык Уладзімір Казбярук.
З 1950-х Уладзімір Міхайлавіч выяўляў, даследаваў і аналізаваў тэксты беларускай літаратуры ХІХ ст., у час перабудовы вяртаў чытачу забароненыя цэнзурай творы Алеся Гаруна, перакладаў польскамоўныя творы беларускіх пісьменнікаў ХІХ – пач. ХХ ст. Памёр на 93-м годзе жыцця ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках.
У дзень 100-годдзя з дня нараджэння добрым словам успамінаем кнігі, напісаныя і ўкладзеныя Уладзімірам Міхайлавічам.
Уладзімір Міхайлавіч Казбярук (нар. 29 жніўня 1923, в. Бандары, цяпер Падляскае ваяводства, Польшча – 4 красавіка 2016) — беларускі літаратуразнавец.
Скончыў БДУ (1949). У 1949-52 настаўнік у Навагрудскім раёне, выкладчык Полацкага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педагагічным інстытуце (1952-55). У 1959-91 у Інстытуце літаратуры АН Беларусі. Кандыдат філалагічных навук (1963). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Вывучаў беларуска-польскія літаратурныя сувязі, беларускі рамантызм ХІХ — пач. ХХ ст. Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі і беларускай культуры (ліквідацыя беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай свядомасці ў XVII — XVIII ст., беларускае нацыянальнае адраджэнне ў ХІХ — пач. ХХ ст., утварэнне БНР, жыццё і літаратурная дзейнасць Ф. Скарыны, Г. Пельгрымоўскага, С. Тшашчкоўскай, К. Каліноўскага, А. Гаруна і інш.).