Сябры журы Літаратурнага конкурсу да 100-годдзя Васіля Быкава прачыталі дасланыя заяўкі і вынеслі свой вердыкт.
На конкурс, абвешчаны Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў на пачатку года, прымаліся тэксты ад маладых літаратараў, якія працуюць у жанрах прозы, эсэістыкі і публіцыстыкі. Сярод дасланых заявак пераважала проза.
Прызам конкурсу з’яўляецца выданне кнігі пераможцы.
Лаўрэатам конкурсу імя Быкава журы назвала Платона Станкевіча і яго кнігу апавяданняў і аповесцей “Незваротнасць”.
Журы адзначыла дадатковым прызам чарнавы варыянт рамана Яны Гульцяевай “Linea Lateralis”: выданне гэтай кнігі таксама гарантуецца пасля праходжання належнай дапрацоўкі і рэдактуры.
Звесткі пра аўтараў
Платон Станкевіч — празаік. Скончыў беларускамоўную гімназію №2 г. Барысава. Збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Удзельнік Народнай тэатральнай студыі “ТэМа”; на вялікай сцэне Палаца культуры г. Барысава быў пастаўлены спектакль яго аўтарства. Адзін з пераможцаў конкурсу, прысвечанага 100-годдзю аб’яднання “Маладняк” (2023). Нарадзіўся ў 2006 годзе ў Барысаве, дзе і жыве.
Яна Гульцяева — нарадзілася і вырасла ў Нарачы. Скончыла філалагічны факультэт БДУ ў 2017 годзе (аддзяленне славянскай філалогіі), працавала выкладчыцай польскай мовы і фрыланс-перакладчыцай. Адна з пераможцаў конкурсу апавяданняў “10+10: Мінск” (2018), выпускніца Школы маладога пісьменніка (2020). З 2021 жыве ў Францыі, перакладае беларускую і французскую паэзію, кароткую прозу і драматургію.
Віншуем нашых лаўрэатаў!