“Дзве душы” Гарэцкага выйшлі ў новай аўдыяверсіі

З’явілася новая агучка класічнага твора ад каманды праекта “Беларуская літаратура”, які займаецца аўдыякінгамі. Паслухаць можна на сайце Audiobooks.by або непасрэдна на на YouTube-канале праекта.

“У кожнага з нас, кажуць, сапраўды дзве душы. Нездарма ў беларусаў усяго па два: два Раства і два Вялікдня, два правапісы і два алфавіты. І як зразумець, які з іх твой і ці не блытаешся ты ў варыянтах, і ці не жывеш чужога жыцця, як героі аднаго з найважнейшых беларускіх тэкстаў”, — разважае каманда праекта. 

Анатацыя:

Заможны памешчык Абдзіраловіч, аўдавелы пасля трагічнага выпадку, давярае свайго малога Ігналіка карміліцы. А тая, жадаючы лепшай долі свайму дзіцяці, пераменьвае немаўлят. Пасля абодва – Ігнат і Васіль – праходзяць праз рэвалюцыю, Грамадзянскую вайну. Пры гэтым асаблівая аўтарская ўвага скіраваная на светабачанне Ігната Абдзіраловіча, які пакутуе ад раздваення душы – у рэчах, простых на першы погляд, бачыць палярныя бакі і разрываецца паміж процілегласцямі, не ведаючы, да якога берага прыстаць.