“Пацукі” — “злая, прасякнутая ванітамі і брудам” навінка

У выдавецтве “Логвінаў” выйшла кніга маладога празаіка Цімура Кудзеліча “Пацукі”. У 2021 годзе Цімур удзельнічаў у конкурсе рукапісаў выдавецтва “Галіяфы” і выйграў яго. Прызам за перамогу стала выданне ўласнай кнігі. Гэта ўжо другая на рахунку аўтара, першая называлася “Як”.

“Улетку 2021 году выдавецтва “Галіяфы” аб’явіла конкурс імя Міхася Зарэцкага на найлепшы рукапіс. Тады я ўжо доўгім часам павольна пісаў гэтую аповесць. Памятаю, я нават сышоў з тагачаснай працы, каб паспець скончыць кнігу да дэдлайну і даслаць яе журы. Па выніках, я выйграў, і “Пацукі” мусілі з’явіцца ў “Галіяфах”, але “Галіяфы” закрылі”, — расказвае аўтар Bellit.info.

Тады Цімур Кудзеліч пачаў займацца іншымі літаратурнымі праектамі, і паволі паралельна “Пацукамі”. Тэкст прайшоў рэдактуру Віктара Жыбуля і мусіў выйсці ад ініцыятывы “Хаўрус Умоўнай Інтэлігенцыі” ў выдавецтве “Логвінаў” яшчэ ў 2022 годзе, але тады з’явіліся некаторыя тэхнічныя праблемы.

“Цяпер, нарэшце, гэтая шматпакутная кніга надрукаваная. “Пацукі” – гэта тэкст пра беларускую літаратуру. Такую, якой я яе бачыў на момант напісання – злую, прасякнутую ванітамі, алькаголем і брудам. Я хацеў давесці такія тэндэнцыі да абсурду, пакпіць з іх, але пры гэтым стварыць адасоблены сусвет, захаваць некаторую сюжэтнасць, быць цікавым чытачу. Так гэтая кніга напісаная”, — тлумачыць малады празаік.

Купіць кнігу можна на сайце lohvinau.by.

АНАТАЦЫЯ:
Небяспечныя вылазкі чатырох галодных пацукоў у пошуках ежы, жахлівае здарэнне з сям’ёю гарадскіх алкаголікаў Валіцкіх, сяброўскія пасядзелкі за пляшкай умоўных і творчых інтэлігентаў Хоні й Сярожы, містычная трагедыя з дзецьмі ў вёсцы Калядкавічы, гісторыі з жыцця персанажаў, аблытаных шкоднымі звычкамі й іншымі чалавечымі заганамі, склейваюцца ў ачмуральны псеўда-пазл, аповесць-навэлу, дзе звычайныя сітуацыі перацякаюць у надзвычайныя, а рэальнае шчыльна перапрлятаецца з міфалагізаваным.