У Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча з 29 верасня па 13 кастрычніка пройдзе выстава графікі выбітнага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. “Праз абрысы і лініі” — гэта творы Быкава-мастака з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
У 1939 годзе, пасля сканчэння 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, будучы пісьменнік паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднак увосень 1940 года, у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый, вымушаны быў пакінуць навучанне. Пасля вайны і дэмабілізацыі ў 1947-м Быкаў прыехаў у Менск, дзе зноў планаваў паступіць у мастацкую вучэльню. Але ў выніку трапіў у Гродна, дзе некаторы час працаваў у мастацкіх майстэрнях.
У кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому” Васіль Быкаў пісаў: “Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый. Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых”.
Родныя мясціны пісьменніка, успаміны пра вайну, прыемныя і не вельмі выпадкі з уласнага жыцця, самаіранічныя замалёўкі, працэс засваення аўтамабільнай справы, будаўніцтва лецішча ў Ждановічах пад Менскам — усё гэта можна будзе пабачыць на выставе.
Адкрыццё адбудзецца 29 верасня а 17-й гадзіне па адрасе вул. Марка Шагала, 5а.