Для берасцейскіх пісьменнікаў, людзей, якія любілі беларускую літаратуру, кватэра Ніны Мацяш у Белаазёрску прыканцы 1990-ых – пачатку 2000-ых гадоў сталася своеасаблівым цэнтрам прыцягнення, магутнай крыніцай сілкавання.
Для многіх дзясяткаў і соцень наведнікаў Ніна Мацяш была, кажучы мовай рэлігіі, духоўнай маці. Маючы здольнасці да выключнай эмпатыі, не проста слухала і суперажывала, але, валодаючы яшчэ чыстым розумам і жыццёвай мудрасцю, раіла, суцяшала, падказвала, дапамагала. Ад самага пачатку авалодаўшы камп’ютарам, яна вяла перапіску з многімі дзясяткамі адрасатаў, і яе лісты-адказы не былі нечым “адчэпным”. Кожнага, у які б час і хто б да яе ні завітаў, сустракала яе ветлая ўсмешка. Зрэшты, і сама яна насычалася тымі візітамі, папаўняючы сваю веру ў будучыню Беларусі, бо ці не штодня бачыла вакол сябе людзей з чыстымі думкамі, улюбёных у сваю зямлю.
Мы маем сёння магчымасць гаварыць пра феномен Ніны Мацяш у гэтым сэнсе. Яна, у інвалідным вазку, сталася сапраўдным апірышчам для многіх фізічна здаровых людзей, сканцэнтраваўшы ў сабе саму сутнасць беларускасці, прыгажосці, паэтычнага слова і непахіснай веры.
З бацькамі, пачатак 1960-х
Фарміраванне асобы Ніны Мацяш пачалося ў дзяцінстве. Яна жыла ў атмасферы спагады, жалю і бяды з аднаго боку, а з другога – у атмасферы прыгажосці, кветак, спеваў, інтэлігентнасці і досціпу.
Атрымаўшы “прышчэпку” сапраўдным, Ніна Мацяш не вырасла ў ідэалагічна правільнага паэта, а менавіта ж яе пакаленне дало нямала адыёзных фігур паэтаў-дзяржаўнікаў. Яе муза нарадзілася з прыгажосці ў самым шырокім сэнсе гэтага слова, з еднасці прыгожага ў чалавеку з прыгожым у свеце. Любоў і каханне ў паэткі маюць глыбінныя карані ў чысцюткай навакольнай прыродзе.
Яна была ў сялянскай сям’і восьмым дзіцём, да яе нараджэння дваіх дзяцей бацькі пахавалі. Пра маму і тату Ніна Мацяш згадвала:
“Чым толькі не даводзілася займацца майму бацьку: сек лазу ды плёў з яе кельні ды кашалі на продаж, капаў цераз балоты асушальныя каналы ў пана Аскеркі, упраўляючага ў памешчыка пана Пуслоўскага, шыў каптаны ды кажухі людзям, служыў у польскай арміі, настаўнічаў, брыгадзірыў у калгасе. “Каб мне пашчасціла вучыцца столькі гадоў, як вам, дзеткі мае, дык я міністрам быў бы!” – часам закідаў нам наш бацька, наш ба. І ў тым мы не маем сумнення! Адразу ж пасля вызвалення ён адзіны з раёну быў пасланы на настаўніцкія курсы. “Вучыцеляваў” амаль дзесяць гадоў. Начальства ўгаворвала прадоўжыць вучобу ў інстытуце, але бацька вымеркаваў, што ўжо запозна было самому вучыцца: гады, сям’я, дзеці, падняць якіх мажлівілася адно безадхланным уляганнем у гаспадарную працу.
Мама таксама была і працаўніца, і разумніца, і красуня, цыганаватая з аблічча і далікатная з характару Каралева, як пашанліва менавалі яе вяскоўцы. Каралева была непісьменнай, бо па ранняй смерці свайго бацькі гадавалася сіратою. Адораная тонкай, чулай душой, мама вельмі любіла вакольны прыродны свет. Нават і ў сталым ужо веку яна ніколі не вярталася з лугу ці з поля без пучочка кветак, каб потым паставіць іх у глечыку на стол. Любіла і ўмела спяваць, вяла высока і моцна. Не дзіва, што тата закахаўся ў яе і пабраўся з ёю насупор першапачатковай дзедавай неахвоце таго шлюбу”.
Вялікае цытаванне тут зроблена мной наўмысна. Пэўна ж, вы звярнулі ўвагу на некалькі слоў Ніны Мацяш, напісаных “няправільна”. Іх няма ў слоўніках, яны гучаць незнаёма – але ж як мілагучна, як дасканала яны кладуцца ў агульную плынь прыгожай мовы Ніны Мацяш! Гэта рэдка дзе адзначаецца, але ж яна была не толькі паэткай і перакладчыцай, але і аўтарам вялікага мноства новатвораў, а больш змянення афіцыйнага правапісу слоў, якія пасля пачыналі гучаць мякка і мілагучна ў яе допісах і жывой гутарцы. Не магу утрымацца, каб не прывесці маленькі прыклад: “Бацька дагэтуль уболены тою стратай…”. Незнаёмае “уболены” тут арганічнае, інтуітыўна зразумелае слова з багатым сэнсам.
Тонкае адчуванне Нінай Мацяш ўсіх нюансаў і сэнсаў роднай мовы ўражвае. Менавіта яна стварыла верш, дзе ўсяго адзін радок служыць неаспрэчным аргументам, ставячы ўсе кропкі над “і” ў пыхлівых разважаннях “рускамірцаў” аб беднасці беларускай мовай перад расейскай: “Я не кахаю вас, я вас люблю”.
…Бяда ў сям’і Мацяш была вялікай і відавочнай: дзве старэйшыя сястрычкі Ніны пасля незразумелай і невылечнай хваробы страцілі магчымасць хадзіць. “Яны шылі вясковым дзядзькам і цёткам прыгажэнныя строі, а самі седзьма сядзелі ўдома, бо з падлеткавага ўзросту праз невылечную хваробу перасталі хадзіць… Мінецца гадоў з дзесяць, і лекі ад той хваробы спатрэбяцца ўжо і мне. Ды іх так і не знайшлося. Прыгадваю, як я стаю ў адным з кабінетаў Міністэрства аховы здароўя, нейкія дзве цёткі-чыноўніцы вяртаюць мне, як непатрэбшчыну, запрашэнне з Бухарэсцкага Інстытута Герыятрыі на лячэнне, холадна і катэгарычна адмаўляючы мне ў выездзе за мяжу…”
Так, тое захворванне напаткае і Ніну Мацяш. Але пакуль яна, у няпоўныя шэсць гадоў дзяўчынка, бяжыць у школу – надта ж хацела вучыцца. Бацька, які і сам некалі прагнуў навук, павёў дачку для “адчапнога”. Ніна была зусім дробненькай, настаўніца падкладвала ёй на сядзенне спецыяльную падушачку. Здарылася тое, што здарылася: як прыйшла Ніна ў школу, так і засталася вучыцца. Закончыла 10 класаў і паступіла ў Мінскі інстытут замежных моў. Правучылася паўгода – і мусіла перарваць вучобу з-за хваробы. Узяла акадэмічны водпуск, ды тры гады вучылася дома, здаючы экзамены экстэрнам. Вярнулася на стацыянар на 4 курсе. Скончыла інстытут у 1966 годзе. У яе ў той час надта балелі ногі…
З Уладзімірам Калеснікам, 1978
Вяртаецца ў Белаазёрск, з-за хваробы нідзе не працуе. Гэта было вельмі тужліва і балюча. У 1973 Кацярына Сініцкая, дырэктар дырэктара Белаазёрскага прафтэхвучылішча, угаварыла Ніну Мацяш выкладаць у іх нямецкую мову. З хворымі нагамі рабіць тое было вельмі цяжка, але ж быць сярод людзей было даражэй за немач. Ды толькі чатыры гады працягвалася выкладанне, пазней фізічны стан паэткі пагоршыў да той ступені, што ёй давялося перасесці ў інвалідны вазок.
Першы апублікаваны верш Ніны Мацяш быў на рускай мове у раённай Бярозаўская газеце “Маяк комунізма”. Адбылося тое ў 1962 годзе. Заўважым, што “Маяк” быў адзінай на Берасцейшчыне выключна рускамоўнай газетай. Пра той верш на рускай мове Ніна Мацяш згадае і праз дзесяцігоддзі: “Гадаванка палескае глебы, я папросту не мела патрэбы з Музай мовай чужой гаманіць. Хоць данінку і я аддала вершаваннем калісь па-расейску: беларуская ж мова была між “культурных”, бы й сёння, “плебейской”…”
Пра паэзію Ніны Мацяш напісана шмат, многія імкнуліся разгадаць сакрэт яе паэтычнай музы. Сама ж паэтка ніякіх сакрэтаў са сваёй творчасці не рабіла: “І сама я ўжо даўно зразумела: усё, што ёсць ува мне добрае – яно ад іх, ад маіх бацькоў, у пэўнай ступені нават вершы, таксама ад іх. Бо калі б не бяда, я, магчыма, і не стала б літаратарам”.
Стала пачала пісаць вершы ў інстытуце: “Калі падарослела, калі стала бачыць вачыма ўласнай душы і сэрца, хоць яшчэ і дужа наіўнымі, занадта даверлівымі вачыма”.
Першы зборнік вершаў “Агонь” выйшаў у 1970 годзе, рыхтаваў яго да друку Мікола Аўрамчык. Пазней выходзілі яшчэ кнігі паэзіі «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Паварот на лета» (выбранае, 1986), «Шчаслівай долю назаві» (1990). Выйшлі казкі «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982). Ніна Мацяш пісала п’есы, тэлесцэнарыі. Пазней актыўна занялася перакладамі кніг прозы і вершаў сусветна вядомых аўтараў на беларускую мову, і гэтую работу лічыла нават больш важнай за сваю паэзію.
Надзвычай сціплая ў жыцці і творчасці, яна за кожнай сваёй надрукаванай кнігай бачыла клопат людзей, якім не стамлялася дзякаваць. А ёй дапамагалі з усёй шчырасцю, чым маглі, Уладзімір Калеснік, Алена Васілевіч, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Данута Бічэль-Загнетава, Уладзімір Барна (украінскі паэт), Карлас Шэрман (паэт і перакладчык) і многія многія іншыя…
Ніна Мацяш, Янка Брыль, Сяргей Законнікаў, Марыя Баравік, Ніл Гілевіч на з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў
У 1970 годзе Ніна Мацяш уганаравана прэміяй Усебеларускага фестывалю моладзі, у 1984 годзе – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова. У 1994 Ніне Мацяш было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублiкi Беларусь, у 1998 – ганаровага звання “Берасцейская зорка – 1998” у намінацыі “Літаратура”.
Ніна Мацяш знаходзілася ў цэнтры літаратурнага і культурнага жыцця Бярозаўшчыны і Берасцейшчыны. Творчыя сустрэчы, пасяджэнні, сустрэчы ў школах, вучэльнях, бібліятэках… Нікому і ніколі не адмаўляла.
У няпросты час, у 2006 годзе, Ніна Мацяш узначальвае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ініцыявала выданне абласнога літаратурнага альманаха “Жырандоля”, першы нумар якога і ўкладала. Ён выйшаў у 2008 годзе.
Пасля таго, як на Берасцейшчыне была зацверджана літаратурная прэмія Уладзіміра Калесніка і стала ўручацца на свяце “Лунінская восень”, Ніна Мацяш выступіла з адкрытым лістом у абласной газеце “Заря”, дзе выказала катэгарычную нязгоду з тым, што і прэмія, і свята – толькі для “правільных пісьменнікаў” з праўладнага саюза. З гэтым жа пытаннем яна звярталася асабіста да старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара. Улады мусілі адступіць перад аўтарытэтам гэтай жанчыны – у 2008 годзе на свяце былі пісьменнікі і паэты з Саюза беларускіх пісьменнікаў, была запрошана і сама Ніна Мацяш. І самае важкае: зборнік паэзіі Міколы Пракаповіча, Міхася Рудкоўскага, Алеся Каско стаў пераможцам.
На тым свяце Ніна Мацяш свяцілася жывым агеньчыкам, да якога кожны хацеў падысці, працягнуць рукі, пагрэцца. Усе разумелі, што яна здзейсніла выключнае на той час: аб’яднала літаратараў, адрынуўшы межы саюзаў. Яна была увасабленнем самой творчасці, якая мае толькі адно прызначэнне: служыць прыгажосці. І гэта лунала ў паветры. Ніна Мацяш бы выконвала на гэтым свяце сваю апошнюю місію.
Яна памрэ неўзабаве – праз месяц.
За два дні да смерці. Выступ разам з Васілём Жуковічам, Міхасём Скоблам і Алесем Камоцкім у Белаазёрску 17 снежня 2008 г.
У 2009 годзе, пасмяротна, літаратурную прэмію Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка ў намінацыі “Паэзія” атрымае зборнік Ніны Мацяш «У прыгаршчах ветру».
У наступным годзе і далей за ім свята “Лунінская восень” зноў стане для абраных, і прэмія – для іх жа, членаў “правільнага Саюза пісьменнікаў”.
Пасля смерці пісьменніцы сябры яе пачалі ладзіць літаратурны фестываль “Бабіна лета з Нінай Мацяш”, на які з’язджаліся паэты з усёй краіны. Пакрысе мясцовыя ўлады самі сталі арганізоўваць паэтычны фестываль, чым незваротна змянілі гэтае светлае мерапрыемства. Сёлета фестываль праводзіцца не будзе. Скончылася “бабіна лета”.
Працоўны кабінет і хатняя бібліятэка Ніны Мацяш
Уладзімір Калеснік: “[Ніна Мацяш] — гэта паэтычная філасофія кахання як загадкавага стану, дзе вітальная сіла скрыжоўваецца з сакральнай запаветнасцю. Мэта яе — азоранасць сэнсам тварэння жыцця»
Алесь Бельскі: “Паэзія Н. Мацяш — незамутнёная крыніца красы, да якой прыпадаеш, перажываючы радасць і сум чалавечага быцця на зямлі. Яе лірычны свет напоўнены святлом кахання і любові. Свае інтымныя пачуцці паэтэса давярае прыродзе, яна цесна суадносіць сезонна-каляндарны рух часу з уласным жыццём, лёсам”.
Пёркаграфія Ніны Мацяш
Мікола Асавец, для bellit.info