У выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў дзявяты том (з дзесяці запланаваных) Збору твораў Янкі Брыля (1917—2006). Кніга была падрыхтаваная Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, а таксама Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.
“Дзявяты том Збору твораў Янкі Брыля склалі эсэ, публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы, інтэрв’ю, рэцэнзіі, выступленні і інш., напісаныя ў 1938—2003 гг., у якіх аўтар уздымае актуальныя пытанні і разважае над самымі рознымі праблемамі сучаснасці. У эсэ «Нашы разлукі», прысвечанае жонцы пісьменніка, увайшло ліставанне Івана Антонавіча з Нінай Міхайлаўнай”, — гаворыцца ў анатацыі.
Падрыхтоўкай тэкстаў і каментарамі займаліся Н. Гальго, А. Глушакова і К. Чарота.
Выданне можна купіць у кнігарні “Акадэмічная кніга” ў Менску.






