Прэзентавалі факсімільнае выданне мовазнаўчай працы Якуба Коласа

Выдавецтва “Альтиора” на замову і ў супрацы з музеем Якуба Коласа падрыхтавала і выдала факсімільнае выданне кнігі Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа) “Методыка роднае мовы”, якая ўпершыню выйшла ў 1926 годзе.

Кнігу, якая ёсць часткай беларускай культурнай і мовазнаўчай спадчыны, прэзентавалі ў музеі паэта. Па словах галоўнай захавальніцы фондаў музея, праўнучкі класіка беларускай літаратуры, Васіліны Міцкевіч, каб узнавіць кнігу такой, якой яе трымаў у руках аўтар, спатрэбілася два месяцы.

“Арыгінальнае выданне было амаль стогадовым, таму праца з ім патрабавала асаблівай уважлівасці. Старонкі мелі натуральныя сляды часу: пацямненні, няроўнасці, дробныя дэфекты, асаблівасці старога друку.
Мы распазналі тэкст і старанна яго праверылі,
— тлумачаць у выдавецтве. — Гэта было не зусім простай задачай, бо якасць зыходных старонак патрабавала дадатковай ручной працы. Асобна мы сачылі за тым, каб радкі ў новым выданні размяшчаліся так, як у арыгінале. Для факсімільнай кнігі гэта прынцыпова: змяніць пераносы, інтэрвалы або рытм старонкі — значыць страціць частку гістарычнай дакладнасці”.

Для выдання быў спецыяльна падабраны шрыфт, максімальна падобны да шрыфту арыгінальнай кнігі 1926 году. Фон старонак таксама імітуе састарэлую паперу.

“Мы рады, што змаглі разам з музеем Якуба Коласа дакрануцца да гісторыі беларускай кнігі і беларускай мовы.
Для нас гэта была не проста замова, а праца з памяццю, спадчынай і павагай да арыгінальнага выдання”, —
адзначылі ў выдавецтве.